У Беларусі прадаюць сетку кавярняў-кандытарскіх
4- 5.11.2024, 17:04
- 4,480
Гатовы бізнэс каштавацьме $400 тысяч.
На продаж выставілі сетку кавярняў MyLoverBerry. Адна з трох устаноў знаходзілася ў Гародні - менавіта там увялі падвойныя шкляначкі для бабл-ці і падавалі дубайскі шакалад. Інфармацыя аб продажы бізнэсу з'явілася на сайце biz4y.com, інфармуе hrodna.life.
Гатовы бізнэс каштавацьме $400 тысяч
У аб'яве адзначаецца, што бізнэс «прыбытковы і маштабаваны», з выбудаванымі працэсамі для «ўстойлівага функцыянавання».
Сетка ўключае ў сябе вытворчасць па вырабе кандытарскіх вырабаў і некалькі ўстаноў. Дзве з іх плошчай 140 і 70 кв.м знаходзяцца ў Менску, а трэцяя, плошчай 120 кв.м - у Гародні.
Уладальнікі дадаюць, што наладжаны анлайн-гандаль з дастаўкай, ёсць і ўкамплектаваны штат з больш чым 40 супрацоўнікамі.
Першапачаткова кавярня MyLoverBerry пазіцыянавалася як установа, якая спецыялізуецца на трускалках у шакаладзе. Пазней пазіцыі ў меню сталі пашыраць, дадаючы да яго папулярныя дэсерты. Напрыклад, дубайскі шакалад, бабл-ці і плоскія круасаны.
Таксама кавярня выдзялялася і дзякуючы яркаму інтэр'еру, выкананаму ў ружовых адценнях.
Чаму кавярня стала такой папулярнай у Гародні.
Бізнэс запусціла сямейная пара Арцёма і Ксеніі Быкоўскіх. Першая ўстанова адкрылася ў 2022 годзе, калі маладзёнам было па 19 год. Па меры развіцця кандытарскай сеткі беларусам удалося дасягнуць абарачэння 2,5 млн рублёў за год.
Як прызнаваліся Быкоўскія, яны спрабавалі запусціць сетку і ў іншых гарадах акрамя Менска. Але прыжылася кавярня толькі ў Гародні. «Для сябе мы тлумачым гэта тым, што ў Гародні вышэйшыя даходы насельніцтва і крыху іншая мэтавая аўдыторыя, больш еўрапеізаваная», — адзначалі прадпрымальнікі.