5 лiстапада 2024, aўторак, 17:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Спіраль маўчання», феномен Трампа і два сцэнары: што паўплывае на выбары ў ЗША

2
«Спіраль маўчання», феномен Трампа і два сцэнары: што паўплывае на выбары ў ЗША
УЛАДЗІМІР ФЯСЕНКА

Эмоцыі на ўчастках зашкальваюць.

Сёння, 5 лістапада, у ЗША праходзяць прэзідэнцкія выбары.

Сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра практычных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімірам Фясенкам пра тое, што можна сказаць пра шанцы кандыдатаў у апошніх апытаннях:

- Апытанні - не гарантыя таго, што менавіта так і будзе. Гэта інструмент замеру грамадскіх настрояў. Яны не даюць абсалютна дакладнай інфармацыі. Не сакрэт, што частка людзей не хоча прымаць удзел у апытаннях, частка - хавае сваю рэальную пазіцыю (кажуць адно, а думаюць інакш). Ёсць нават такое паняцце - "спіраль маўчання".

- У чым асаблівасць прэзідэнцкіх выбараў у ЗША?

- Пачну з таго, што ў ЗША праводзяцца не прамыя выбары. Калі праводзяць апытанні, то замяраюць рэйтынгі ў цэлым па ЗША. Выбіраюць жа прэзідэнта не выбарцы наўпрост, а калегія выбарцаў.

У кожным штаце падводзяцца вынікі галасавання, а на другім этапе выбарцы ад кожнага штата збіраюцца разам і аддаюць свае галасы за таго кандыдата, хто перамог у іх штаце. І ў штаце можа быць прыкладна аднолькавае размеркаванне галасоў, але на некалькі тысяч больш атрымлівае, напрыклад, Камала Гарыс, тады ўсе галасы ідуць ёй.

У гісторыі ЗША (асабліва за апошнія 20 гадоў) некалькі разоў была сітуацыя, калі ў цэлым па краіне больш галасоў набіраў адзін кандыдат, а згодна з галасамі выбарцаў - іншы. Дональд Трамп у 2016-ым годзе, калі Гілары Клінтан набрала на 3 мільёны галасоў большым, чым ён, а згодна з галасамі выбарцаў перамог Трамп.

Асаблівасць жа сёлетніх выбараў у тым, што кампанія вельмі жорсткая, агрэсіўная, рэйтынгі кандыдатаў прыкладна аднолькавыя. Цяпер ніхто не можа спрагназаваць перамогу ніводнага з кандыдатаў.

Варта згадаць і "вагальныя" штаты, дзе няма перавагі адной з партый. Як правіла, менавіта гэтыя штаты і вызначаюць пераможцаў выбараў. Можа скласціся сітуацыя, калі ў той жа Пенсільваніі ці ў Невадзе адзін з кандыдатаў атрымае крыху больш галасоў, чым іншы, і менавіта гэта нясе з сабой пэўныя рызыкі.

Я, напрыклад, ужо не раз чуў ад розных заходніх журналістаў ацэнку, што на сёлетніх выбарах у ЗША ёсць толькі два сцэнары: ці Трамп перамагае, ці ён не прызнае вынікі выбараў.

Бо ўжо быў прэцэдэнт, калі ў 2020 годзе Трамп не прызнаў вынікі выбараў у некаторых штатах. Ён спрабаваў ціснуць на чыноўнікаў, быў судовы працэс. Трамп у выніку быў вымушаны пакінуць Белы дом, але заўсёды казаў, што ў яго скралі перамогу.

Цяпер шмат асцярог, ідзе падрыхтоўка да другога сцэнарыя, калі Трамп не прызнае выбары. Усе памятаюць штурм Капітолія ў студзені 2021-га яго прыхільнікамі. Трамп (у адрозненне ад дэмакратаў) можа дзейнічаць не толькі праз суды, але і праз вуліцы.

Найбольш небяспечны сцэнар - гэта рызыка палітычнага крызісу ў ЗША пасля вынікаў выбараў. Гэта звязана з феноменам Трампа, агрэсіўнасцю часткі ягоных прыхільнікаў. Яна можа праявіцца ўжо пасля выбараў - 6-7 лістапада, а, магчыма, і пазней.

Пераходны перыяд паміж 5 лістапада і 20 студзеня можа быць дастаткова праблемным. Ёсць, падкрэслю, пэўныя рызыкі палітычнага крызісу. Адчуваецца высокі напал эмоцый, канфліктнасці ў дачыненнях паміж абодвума кандыдатамі, дзвюма партыямі.

Яшчэ адна асаблівасць гэтых выбараў тое, што паралельна ідуць і выбары ў Кангрэс. Выбіраецца і ўвесь склад ніжняй палаты Кангрэса, і траціна сэнатараў. Вельмі важна, хто будзе мець большасць у абедзвюх палатах Кангрэса.

Можа скласціся сітуацыя, якая была і апошнія два гады, калі прэзідэнт прадстаўляе адну партыю, а большасць у адной з палат - апазіцыю.

Ад таго, які будзе вынік выбараў у Кангрэс, залежыць у значнай меры тое, якой будзе сітуацыя ў амерыканскай уладзе: ці падзелены ўрад, ці прэзідэнт будзе мець падтрымку ў абедзвюх палатах Кангрэса, што для яго самы аптымальны варыянт.

Але зараз чакаецца, што ўрад будзе ўсё ж падзеленым.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках