Сабаленка перамагла ў другім матчы на Выніковым турніры WTA
4- 4.11.2024, 20:54
- 2,152
Беларуска забяспечыла сабе месца ў паўфінале.
Першая ракетка планеты Арына Сабаленка перамагла ў сваім другім матчы групавога этапу Выніковага турніру WTA.
Здарылася гэта ў супрацьстаянні з італьянкай Жасмін Пааліні (№4 WTA) – 6:4, 7:5. Матч доўжыўся 1 гадзіну 35 хвілінаў.
Гэтая перамога дазволіла Арыне датэрмінова заняць першае месца ў фіялетавай групе. Стартавала ж беларуска на Выніковым турніры з вікторыі над алімпійскай чэмпіёнкай-2024 кітаянкай Чжэн Цыньвэнь (№7 WTA) – 6:3, 6:4.
Цяпер Сабаленцы трэба будзе згуляць паядынак супраць прадстаўніцы Казахстана Алены Рыбакінай (№5 WTA), які фактычна не ўплывае на турнірную сетку.
Групавы этап закончыцца 7 лістапада, пасля чаго дзве найлепшыя тэнісісткі з кожнага квартэта выйдуць у паўфінал. Вызначальны матч – 9 лістапада.
Пераможца турніру можа зарабіць 1500 балаў, калі не пацерпіць паразы ў ніводным матчы. Удзельніцы WTA Finals 2024 вызначыліся паводле рэйтынгу на 28 кастрычніка.
Агульны прызавы фонд турніру ў Саудаўскай Аравіі – $15,25 млн. Чэмпіёнка ў адзіночным разрадзе заробіць не менш як $4,45 млн. Год таму полька Іга Свёнтэк разграміла ў фінале Джэсіку Пегулу.
У сезоне-2024 Арына Сабаленка атрымала перамогу на двух турнірах Вялікага шалома – Australian Open і US Open. Апроч вікторыі ва Ухані, у яе актыве трыюмф на WTA 1000 у Індыян-Уэльсе.