Сенегалец хацеў з'ехаць з Беларусі ў Літву з гішпанскім пашпартам сябра
1- 28.11.2024, 17:45
- 1,560
Дакумент яму перадаў знаёмы.
У пункце пропуску «Каменны лог» затрымалі грамадзяніна Сенегала, які спрабаваў з'ехаць з Беларусі ў Літву па чужым пашпарце, паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце (ДПК).
Мужчына перасякаў мяжу ў ноч з 27 на 28 лістапада на рэйсавым аўтобусе злучэннем «Менск-Вільня».
Беларускім памежнікам замежнік паказаў пашпарт грамадзяніна Гішпаніі, які яму перадаў знаёмы. Памежнікі параўналі фота ў дакуменце з мужчынам і заўважылі адрозненні.
«Парушальнік выявіўся грамадзянінам Сенегала. Са слоў затрыманага, чужы дакумент ён паказаў, бо ў самога законных падстаў для ўезду ў краіны Еўразвяза не было», - паведамілі ў ДПК.
Парушальніка затрымалі. Яму пагражае не толькі адміністрацыйная адказнасць за спробу незаконнага перасячэння мяжы, але і крымінальная - за выкарыстанне заведама фальшывага дакумента.