Кніга, якой натхняўся Караткевіч, выйшла па-беларуску
- 27.11.2024, 21:56
- 1,144
Успаміны польскага пісьменніка Мельхіёра Ваньковіча да гэтага часу не былі перакладзеныя на беларускую мову.
У выдавецтве «Тэхналогія» выйшаў з друку пераклад кнігі польскага пісьменніка Мельхіёра Ваньковіча «Шчанячыя гады», заснаванай на ягоных успамінах. Пераклад на беларускую мову зрабіў літаратуразнаўца і археограф Язэп Янушкевіч, паведамляе «Наша Нiва».
Успаміны польскага пісьменніка Мельхіёра Ваньковіча (1892–1974) да гэтага часу не былі перакладзеныя на беларускую мову, хоць найперш яны цікавыя менавіта беларускаму чытачу. Аўтар – нашчадак заможнага шляхецкага роду, нарадзіўся ў маёнтку Калюжычы (цяпер Бярэзінскі раён). З яго «Шчанячых гадоў» узнікае Беларусь на зломе гістарычных эпох – ад паўстання 1863 года да савецка-польскай вайны 1920 года.
Чытанне кнігі захоплівае: тут ёсць і жывы гумар, і глыбокія светапоглядныя рэчы. Успаміны выйшлі ў 1934 годзе, у іх адлюстраванае мысленне чалавека аддаленай эпохі, там ёсць з чым не пагадзіцца. Але літаратурная і гістарычная каштоўнасць бясспрэчныя: кнігай Ваньковіча некалі натхняўся Уладзімір Караткевіч. Так што задоўга да перакладу «Шчанячыя гады» сталі з'явай беларускай літаратуры, гаворыцца ў анатацыі да выдання.