Рэзідэнцыя менскага Дзеда Мароза пераязджае
7- 27.11.2024, 21:30
- 2,788
Куды?
Сталічная рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў найбліжэйшым навагоднім сезоне перамесціцца ў гандлёвы цэнтр, расказала першая намесніца старшыні Менгарвыканкама Надзея Лазарэвіч, паведамляюць «Менск-Навіны».
Раней сталічны офіс галоўнага зімовага чараўніка размяшчаўся па адрасе: Менск, вул. Фрунзэ, 2, парк імя М.Горкага.
У снежні 2024-га галоўны менскі Дзед Мароз часова зменіць прапіску на гандлёвы цэнтр «Першы Нацыянальны гандлёвы дом».
«Мы будуем для яго ўнікальны дом, дзе ён будзе прымаць дзяцей і дарослых, якія вераць у цуды і здзяйсненне жаданняў. Думаю, гэтая лакацыя будзе самай наведвальнай у святы, таму што там можна будзе і набыць беларускія тавары, і атрымаць задавальненне, дакрануўшыся да цуду», – патлумачыла Лазарэвіч.
Часовая рэзідэнцыя размесціцца на сярэднім узроўні ГЦ у ніжняй частцы вялізнай ялінкі.
Прыём гасцей казачны Дзядуля і ягоная ўнучка Снягурка будуць весці штодзень з 11 снежня 2024 да 7 студзеня 2025-га.
Таксама ў Менгарвыканкаме расказалі, што гандлёвы цэнтр «Сталіца» ўпрыгожыць фотазона паводле казкі «12 месяцаў». У кампазіцыі будзе тузін лакацый, якія сімвалізуюць часіны года.