Андрэй Саннікаў: Змены ў рэгіёне пачнуцца з перамен у Беларусі
2- 27.11.2024, 14:59
- 6,448
Наша краіна – крытычны пункт.
Лідар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў узяў удзел у найбуйнейшым сусветным форуме аб бяспецы ў Галіфаксе (Канада).
Чым быў адметны форум у гэтым годзе? Ці ўздымалася тэма Беларусі? Як Захад адкажа на ядзерны шантаж Пуціна? Пра гэта і не толькі адзін з лідараў беларускай апазіцыі расказаў сайту Charter97.org.
- Адная з галоўных дыскусій сёння – роля ЗША ў архітэктуры сусветнай бяспекі. Ёсць сур'ёзныя асцярогі, што за Трампам, вядомым сваімі ізаляцыянісцкімі поглядамі, актыўнасць ЗША ў гэтай сферы будзе змяншацца. Што гаварылі пра гэта на форуме ў Галіфаксе, які сабраў вядучых экспэртаў у сусветнай бяспецы?
- Форум праводзіцца ўжо 16-ы раз. Сапраўды, гэта адно з самых сур'ёзных мерапрыемстваў у пытаннях міжнароднай палітыкі, найперш – палітыкі міжнароднай бяспекі. Праходзіць ён з традыцыйным удзелам прадстаўнічай дэлегацыі Кангрэса ЗША і высокапастаўленых вайскоўцаў, у асноўным — з заходніх краін, але не толькі.
Форум традыцыйна праводзіцца ў лістападзе. Калі ў ЗША праходзяць выбары, ён праходзіць акурат пасля гэтых выбараў. Я быў на форуме, калі Трамп перамог у першы раз, цяперашні форум праходзіць акурат пасля ягонай другой перамогі. Ёсць значнае адрозненне ў рэакцыі на ягоную перамогу ў 2016 годзе і сёння. На жаль, насуперак чаканням, ніхто з каманды Трампа не прыехаў. Усе чакалі, што хтосьці прыедзе, бо мінулым разам быў даволі высокі прадстаўнік з ягонай каманды сэнатар Джэф Сешнс, які пасля быў прызначаны генеральным пракурорам ЗША.
Гэтым разам перамога Трампа была ўспрынятая больш спакойна, чым раней. У 2016-м годзе было шмат асцярог, жорсткай крытыкі. Гэтым разам было больш прадметных дыскусій і абмеркаванняў магчымасцяў новай адміністрацыі ЗША. Усё зводзілася да цалкам сур'ёзных размоў пра ролю гэтай адміністрацыі ў саміх штатах, а таксама ролю ЗША ў свеце.
Вядома, форум закранае праблемы многіх рэгіёнаў свету, у тым ліку – і нашага.
- Якой была галоўныя тэмы форуму сёлета?
- Асноўная тэма, безумоўна, Украіна. Як мне ўдалося даведацца, чакаўся прыезд Уладзіміра Зяленскага. Не ведаю, што паўплывала на ягоныя планы, але ад Украіны быў спікер Вярхоўнай Рады Руслан Стэфанчук. Ён досыць выразна выкладаў пазіцыю Украіны, распавядаў, чаго варта чакаць ад іх, і чаго Кіеў чакае ад партнёраў.
Вялікая ўвага ў гэтым годзе была нададзеная тэме штучнага інтэлекту. Форум праходзіў пад лозунгам “Новыя часы". Штучны інтэлект істотна мяняе карціну свету, паводзіны ў многіх галінах чалавечай дзейнасці. Цікава, што акцэнт быў не на сур'ёзна небяспецы, якая звязаная з ШІ, абмяркоўваліся станоўчыя моманты. Да прыкладу, што штучны інтэлект дапамагае хутчэй разабрацца ў фэйкавай інфармацыі, у тым, што пастаўляецца як хлусня ў варожых мэтах.
Безумоўна, абмяркоўвалася роля Кітая, які традыцыйна ўплывае на сусветную бяспеку. Быў шырокі і насычаны парадак дня.
- Ці ўдалося вам падняць тэму Беларусі?
- Вядома, я досыць актыўна сустракаўся з вядучымі палітыкамі, аналітыкамі, вайскоўцамі. Не проста ўздымаў тэму Беларусі, а казаў пра тое, што наша краіна — крытычны пункт у рэгіёне. Змены да лепшага ў рэгіёне можна чакаць, калі пачнуцца перамены ў Беларусі. Бо канцлагер у цэнтры Еўропы ўплывае на ўсе працэсы. Таксама я скарыстаўся тым, што выйшла кніга «Беларусь у НАТА» і, уручаючы яе сваім суразмоўцам, я падкрэсліваў, наколькі важна ўжо сёння ўключаць Беларусь у міжнародны парадак дня, у тым ліку — з пункту гледжання ўступлення нашай краіны ў ЕЗ і NАТО.
Скажу, што гэтая тэма выклікала вялікую цікавасць. Да прыкладу, кіраўнік вайсковага камітэта NATO адмірал Роб Баўэр сказаў, што будзе ўважліва чытаць і вывучаць гэтую кнігу. Сэнатараў ЗША таксама зацікавіў такі падыход.
На форуме прысутнічала Ціханоўская са сваёй світай. Яна паўтарыла заклік "галасаваць супраць усіх” на будучых “выбарах", што, на мой погляд, вельмі небяспечна. Фактычна – гэта падтрымка лукашэнкаўскага сцэнару. Калі ў мяне пыталіся пра гэта дзейства, я адмаўляўся яго абмяркоўваць і казаў, што неабходна жорстка ставіцца да гэтага рэжыму, а першым патрабаваннем павінна быць вызваленне ўсіх палітвязняў, а не аналізы, хто за каго павінен галасаваць 26 студзеня. Пра слова “выбары" за рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі неабходна забыцца.
- Якія яшчэ цікавыя сустрэчы ў вас былі?
- На форуме ў Галіфаксе заўсёды цікавыя сустрэчы. Найперш з бацькамі-заснавальнікамі форуму – былым міністрам абароны і замежных спраў Канады Пітэрам Макеем і прэзідэнтам форуму Пітэрам Ван Праагам. Мы заўсёды з імі абмяркоўваем апошнія падзеі ў Беларусі і іх уплыў на рэгіён. Як я згадаў, была сустрэча са старшынём Вайсковага камітэта NATO. Дарэчы, на форуме быў сэнатар, які адразу ж трапіў ва ўсе сусветныя навіны — Майкл Раўндз, які лічыцца самым сур'ёзным прыхільнікам і сябрам Трампа ў Сэнаце. Ён казаў, што не варта нават задумвацца пра нейкія перамовы з такімі злачынцамі, як Пуцін. Ён досыць эмацыйна казаў пра ахвяры, якія ўкраінскі народ прыносіць у гэтай вайне, заклікаў падтрымліваць Украіну ўсімі спосабамі.
У размове з Майклам Раўндзам я падзякаваў яму за пазіцыю і распавёў, што адбываецца ў Беларусі, паўтарыў тэзіс аб тым, што трэба пачынаць вызваляць рэгіён ад расейскай подлай агрэсіі менавіта з Беларусі. Ён пагадзіўся і заявіў, што гэты падыход заслугоўвае самага сур'ёзнага стаўлення.
Таксама я сустрэўся з сэнатарам ад Мінесоты Эмі Клабушар. Яе не было ў Вашынгтоне, калі вясной у мяне быў тур з лекцыямі ў найбуйнейшых універсітэтах ЗША. Тады была сустрэча з яе супрацоўнікамі ў офісе. Зараз жа нам удалося пагаварыць. Яна вельмі цікавая сэнатарка ў плане стаўлення да міжнароднага парадку дня. Былі і іншыя сэнатары. Пагаварыў з міністаркай замежных спраў Канады Мелані Жолі. З міністрам абароны Канады Білам Блэрам мы абмеркавалі кнігу “Беларусь у NATO", ён падзякаваў за магчымасць з гэтага боку паглядзець на развіццё падзей.
- Напярэдадні форуму быў чарговы віток ядзернага шантажу з боку Расеі. Пуцін унёс змены ў ядзерную дактрыну РФ, па Дняпры быў нанесены ўдар нібыта новай балістычнай ракетай “Арэшынік”. Ці паўплывала гэта на рашучасць заходніх палітыкаў?
- Павінен сказаць, што форум быў досыць напружаным. Бо нездарма ён праходзіў пад лозунгам “Новыя часы", якія ўжо надышлі, але іх яшчэ трэба будзе ўсвядоміць. Так, не было ключавых палітыкаў — з каманды Трампа, не было нашых суседзяў з Польшчы і Літвы, што звязана з выбарамі, але настроі на форуме, заявы, якія былі звернутыя да ўкраінскай дэлегацыі, былі ў адным ключы: “Мы не можам дазволіць Расеі гаспадарыць у Еўропе”. Перамога Украіны з'яўляецца адзінай магчымай пастановай для бяспекі і ў нашым рэгіёне, і ва ўсім свеце.
Што тычыцца ядзернай зброі, усе казалі, што гэтая небяспека паказвае, што Захаду трэба дзейнічаць яшчэ больш смела, каб яе прадухіліць.
- Цяпер вельмі шмат спекуляцый на тэму мірных перамоў, якія не заўсёды супадаюць з інтарэсамі Украіны. Вы згадалі пазіцыю Майкла Раундза. Ці было разуменне, што Захаду нельга патураць агрэсару?
- Такое разуменне ёсць. Не сакрэт, што ёсць і прыхільнікі мірных перамоў, але ў іх менш аргументаў, бо Пуцін ужо зарэкамендаваў сябе як чалавек, якому нельга верыць. Ён не проста не трымае слова, але абрынуў усю структуру бяспекі ў Еўропе і свеце. Таму перамовы з Пуціным – гэта набліжэнне яшчэ больш апакаліптычнага сцэнару. Сёння трэба думаць, як яшчэ мацней уключыцца ў падтрымку Украіны. Вось такія матывы пераважалі.