Reuters: Трамп рыхтуе асабістую сустрэчу з Кім Чэн Ынам
2- 27.11.2024, 10:49
- 3,872
Каб выключыць рызыку вайны.
Каманда абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа абмяркоўвае правядзенне прамых перамоў з кіраўніком КНДР Кім Чэн Ынам, каб “растапіць лёд” у стасунках двух лідараў і выключыць рызыку ўзброенага канфлікту, распавялі Reuters дзве дасведчаныя крыніцы.
З іх слоў, пакуль не зразумела, які вынік дадуць новыя дыпламатычныя намаганні, але першапачатковая мэта Трампа - аднавіць базавыя кантакты паміж ЗША і Паўночнай Карэяй. Далейшыя палітычныя мэты ў камандзе абранага прэзідэнта пакуль не абмяркоўваюць, у тым ліку таму, што стасункі з Пхеньянам могуць адысці на другі план праз больш надзённыя замежнапалітычныя праблемы на Блізкім Усходзе і ва Украіне.
За час свайго папярэдняга прэзідэнцкага тэрміна Трамп сустракаўся з Кім Чэн Ынам тройчы: у чэрвені 2018 года ў Сінгапуры, а таксама ў лютым 2019 года ў Ханоі і ў чэрвені таго ж года на мяжы паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй у дэмілітарызаванай зоне. Пасля сустрэчы ў Сінгапуры Трамп заяўляў, што ён і кіраўнік КНДР "палюбілі адзін у аднаго".
У ходзе перадвыбарнай кампаніі рэспубліканец сцвярджаў, што на пасадзе прэзідэнта змог "пасябраваць" з паўночнакарэйскім лідарам і дабіўся часовага спынення ракетных выпрабаванняў Пхеньянам. “Прыемна ладзіць з чалавекам, які мае шмат ядзернай зброі. Я думаю, ён сумуе па мне, калі хочаце ведаць праўду”, - казаў Трамп, абяцаючы наладзіць стасункі з КНДР у выпадку перамогі на прэзідэнцкіх выбарах.
На мінулым тыдні Трамп прапанаваў прызначыць на пасаду намесніка свайго дарадцы ў нацыянальнай бяспецы Алекса Вонга. Падчас першага прэзідэнцкага тэрміна Трамп Вонг быў намеснікам спецыяльнага прадстаўніка ЗША ў КНДР і ў гэтай якасці дапамагаў арганізаваць перамовы з Кім Чэн Ынам.
Незразумела, як адрэагуе на ініцыятыву Трамп сам Кім, які паслядоўна ігнараваў спробы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна пачаць перамовы без папярэдніх умоў, адзначае Reuters. Агенцтва нагадвае, што КНДР у апошні час зблізілася з Расеяй. Дзякуючы гэтаму Пхеньян мог пашырыць свой ракетны арсенал. Пры гэтым дзяржаўныя СМІ Паўночнай Карэі дагэтуль публічна не паведамілі аб пераабранні Трампа, а Кім заявіў у гэтым месяцы, што ЗША нагнятаюць напружанасць на Карэйскай паўвыспе, падвышаючы рызыку ядзернай вайны.