Аэрапорт Вільні часова спыніў працу
1- 26.11.2024, 14:04
- 2,740
Праз катастрофу самалёта DHL.
Аэрапорт Вільні ў аўторак закрыў узлётна-пасадачную паласу на гадзіну - закрыццё спатрэбілася ў сувязі з аварыяй самалёта кампаніі DHL, якая адбылася напярэдадні.
Пра гэта паведамляе LRT.
Паласу закрылі з 10:00 да 11:00, што прывяло да затрымкі чатырох рэйсаў.
У гэты час паліцыя ўзняла ў неба беспілотнікі для здымкі раёна, дзе ў панядзелак разбіўся грузавы самалёт DHL.
Час паміж 10.00 і 11.00 выбралі, паколькі ён мае найменшы ўплыў на працу аэрапорта.
Пасажыраў, чые рэйсы былі запланаваныя на раніцу аўторка, заклікалі звязацца з іх авіякампаніямі для атрымання інфармацыі аб магчымых зменах у графіку палётаў.
Адзін чалавек загінуў і трое атрымалі раненні ў выніку катастрофы грузавога самалёта кампаніі DHL у аэрапорце Вільні ў панядзелак раніцай.
Самалёт Boeing 737-476 (SF) належаў гішпанскай авіякампаніі Swiftair і выкарыстоўваўся для перавозкі пасылак DHL. Ён выконваў рэйс з Лейпцыга ў Нямеччыне.