«Лукашэнка не зможа перагарнуць старонку»
5- 26.11.2024, 9:29
- 8,964
Што думаюць пра сітуацыю беларусы ўнутры краіны.
Беларусы маюць намер байкатаваць “выбары”, якія пройдуць у студзені наступнага года. Пра гэта яны расказалі «Салiдарнасцi».
Усе імёны суразмоўцаў зменены.
Сцяпан, 43 гады. "Усе разумеюць, што гэта выбары без выбару".
- Апошнім часам у Берасці расцягнулі банеры і плакаты з рэкламай “выбараў”. Але не скажу, што многа. У Менску, як расказваюць сябры, і ў дождж, і ў холад збіраюць подпісы за Лукашэнку.
Усе разумеюць, што гэта выбары без выбару. Асабіста я галасаваць не пайду. Будзе толькі адзнака, што наведаў, а вынік - і так ясны. Дык навошта ўдзельнічаць у гэтым і марнаваць свой час?
Суразмоўца адзначае, што людзі ў ягоным атачэнні абмяркоўваюць тэму палітыкі толькі з праверанымі ці блізкімі людзьмі:
- Усе імкнуцца пазбягаць гэтага, таму што не ведаюць, якім бокам выйдзе. Да нас нядаўна прыйшоў новы калега і мы таксама пры ім першы час нічога такога не абмяркоўвалі.
З апошніх навін, зазначае Сцяпан, яго таксама абурыла прапанова Лукашэнкі аб прызначэнні кіраўнікоў прыватных кампаній райвыканкамам.
- Прачытаў меркаванне, што, магчыма, такім чынам хочуць уладкаваць на працу былых сілавікоў. Яны выходзяць на пенсію ў 45 год. Ведаю, што нават тыя, хто сышоў да 2020 года, не маглі знайсці новую працу. Так што вельмі лагічная думка.
Што зараз хвалюе людзей? Мужчына называе некалькі тэм. Па-першае, у Берасці - гэта складанасці з атрыманнем візы (а ў многіх берасцейцаў дзеці жывуць у Польшчы). Па-другое, заробкі, падаражанне даляра і кошты ў крамах.
- Бульба каштуе 2 рублі, і яна амаль уся гнілая. Прычым так у шматлікіх крамах. Гэта жах. У астатнім, на прылаўках усяго стае.
Праўда, у іншых сферах санкцыі заўважныя. Дапусцім, нам на працы патрэбныя нейкія амерыканскія запчасткі. У Беларусі іх няма. Але ёсць у Расні. Хаця, здавалася б, там таксама санкцыі.
Арцём, 24 гады. “Усе разумеюць: Лукашэнка нічога не можа зрабіць, каб перагарнуць старонку”
- Ні ў каго, з кім я маю размаўляю, няма сумневаў, хто “пераможа” на “выбарах”. Але ў людзей узнікае пытанне - навошта так нахабна?
У многіх дзяржструктурах прымушаюць ставіць подпісы за Лукашэнку, гэта многіх кранае, і тэма палітыкі актыўна ўздымаецца ў размовах.
Сам Арцём таксама працуе на дзяржпрадпрыемстве. Ён расказвае, што раней зборам подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты займаўся аддзел кадраў, пры гэтым ставіць подпісы ніхто не прымушаў. Цяпер жа гэта даручылі кіраўніцтву, і, калі нехта ставіць свой подпіс не хоча, на яго могуць накрычаць ці прыстрашыць звальненнем.
Галасаваць 26 студзеня хлопец не збіраецца.
- Я не хачу ісці, гэта проста прафанацыя. Але не ведаю, чаго чакаць. Не здзіўлюся, калі нас пад ручку павядуць на датэрміновае галасаванне, - кажа суразмоўца “Салідарнасці”. - Але, дарэчы, нават нягледзячы на прымус, усе разумеюць: Лукашэнка нічога не можа зрабіць, каб перагарнуць старонку. Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца - іншыя часы.
Пры гэтым я б адзначыў, што зараз многія людзі ў Беларусі больш думаюць не пра тое, што Лукашэнка "пераможа", а пра тое, што эканамічны стан краіны пагаршаецца.
Ангеліна, 24 гады. “Народ згуртаваўся ў 2020-м, а зараз усе маўчаць і баяцца”
- Ніякай асаблівай “перадвыбарнай” атмасферы ў Менску я не адчуваю.
Круцяць рэкламу “выбараў”, у прадуктовых крамах збіраюць подпісы за кандыдатаў.
Ніякіх чаканняў ад гэтых выбараў у мяне таксама няма. Разумею, што гэта проста фармальнасць і фальш - усё застанецца, як раней. Я нават не бачу сэнсу ў іх удзельнічаць. Хоць, сапраўды, кажучы, баюся, што з-за гэтага да мяне могуць узнікнуць пытанні. Думаю нават узяць лісток непрацаздольнасці на гэты перыяд.
Дзяўчына таксама адзначае, што не абмяркоўвае тэму палітыкі са сваім асяроддзем:
- Нядаўна падумала: як жа згуртаваўся народ у 2020 годзе, а цяпер усе маўчаць, баяцца нешта сказаць.