Частка «Ляшчыны», пра якую гаварыў Пуцін, можа быць беларускай
1- 25.11.2024, 20:30
- 6,560
Што вядома.
У чацвер, 21 лістапада, Расея нанесла ўдар па ўкраінскім Дняпры найноўшай, невядомай раней зброяй. Уладзімір Пуцін назваў гэтую распрацоўку «Ляшчынай», Галоўная ўправа выведкі Украіны выказала здагадку, што гэта ракета са складу ракетнага комплексу «Кедр», «Ляшчына» – гэта «ўсяго толькі шыфр». Ва ўкраінскіх медыя гэтую загадкавую зброю ўжо ахрысцілі «Кедравай ляшчынай». Паводле звестак «Люстэрка», у яе можа быць беларускі след.
Хто стаіць за «Кедравай ляшчынай»? Афіцыйнай інфармацыі пра гэта з расейскага боку пакуль няма. ГУВ Украіны назвала шэсць расейскіх прадпрыемстваў, якія былі задзейнічаныя ў распрацоўцы мабільнага ракетнага комплексу «Кедр». У іх ліку – Федэральны навукова-вытворчы цэнтр «Тытан-Барыкады», які знаходзіцца ў Валгаградзе.
Як расказаў «Люстэрку» прадстаўнік «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі», гэтае прадпрыемства зусім нядаўна атрымлівала шасі ад беларускага вытворцы – Менскага завода колавых цягачоў. Паводле іх звестак, за дзевяць месяцаў 2024 года МЗКЦ адправіў на прадпрыемства «Тытан-Барыкады» 36 вагонаў. У іх ліку – 27 платформаў і дзевяць крытых вагонаў.
– Нашы звесткі дазваляюць з вялікай дзеллю верагоднасці выказаць здагадку пра канкрэтную мадэль шасі, якая перавозілася ў гэтых вагонах, – МЗКЦ-79221, – кажа прадстаўнік супольнасці.
З інфармацыі «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі» вынікае, што ў гэты ж перыяд МЗКЦ пастаўляў шасі і на іншыя прадпрыемствы расейскага абароннага комплексу. Вось некалькі прыкладаў:
НВА «Алмаз» (вырабляе ракетныя комплексы С-300, С-400 і С-500) – 12 вагонаў;
ІЭМЗ «Купал» (вырабляе ЗРК «Тор-М2Э») – 8 вагонаў;
«Абухоўскі завод» (вырабляе камандныя пункты для РВСН) – 31 вагон;
«НЗ 70-годдзя Перамогі» (вырабляе ЗРК С-400) – 13 вагонаў.
Нагадаем, прадукцыя МЗКЦ з'яўляецца шасі для мноства відаў расейскай зброі. У 2018 годзе ў расейскіх войсках выкарыстоўваліся больш за 60 узораў узбраенняў, устаноўленых на шасі і цягачах гэтага беларускага завода. Уключаючы РСЗА «Смерч», ракетныя комплексы «Таполя» і «Таполя-М», ЗРК «Пячора», колавыя сродкі ЗРК «Бук-М2».
Менавіта на шасі з Беларусі стаяць пускавыя ўстаноўкі і ТЗМ комплексу «Іскандэр-М», усевышыннага шукальніка ЗРК С-300, С-400 «Трыумф» і пускавыя ўстаноўкі С-300ПМУ-2, С-400. А таксама берагавыя ракетныя комплексы «Баль», «Бастыён», «Бераг», «Рубеж» і «Калібр».
Менскі завод знаходзіцца пад санкцыямі Еўразвязу са снежня 2020 года. Пазней да абмежаванняў у дачыненні да завода і ягоных кіраўнікоў далучыліся Швэйцарыя, ЗША, Аўстралія, Японія, Украіна і некалькі іншых краінаў.