УСУ патрапілі па расейскаму ЗРК «С-400» у Курскай вобласці
1- 24.11.2024, 13:20
- 4,528
Украінскі Генштаб раскрыў падрабязнасці.
Украіна ўдарыла па падраздзяленні УС РФ, якое, хутчэй за ўсё, абстрэльвала мірных жыхароў.
Падраздзяленні ракетных войск Узброеных Сіл Украіны ва ўзаемадзеянні з іншымі складнікамі Сіл абароны нанеслі групавы ўдар па пазіцыях войска краіны-агрэсаркі Расеі ў ноч на 24 лістапада, паведамляе Генштаб УСУ.
Удар нанесены па зенітна-ракетным дывізіёне 1490 зенітнага ракетнага палка 6-й арміі РФ на тэрыторыі Курскай вобласці. Ужо вядома, што УСУ паспяхова патрапілі ў радыёлакацыйную станцыю зенітнага ракетнага комплексу «С-400».
«Названае падраздзяленне ўзброеных сіл РФ вяло баявую працу ў рэжыме «зямля-зямля», гэта значыць, збіваючы наземныя нерухомыя цэлі. Пад такія абстрэлы расейскіх захопнікаў у асноўным трапляюць цывільныя аб'екты і мірныя жыхары населеных пунктаў у прыфрантавых рэгіёнах Украіны», - гаворыцца ў паведамленні.
У Генштабе Узброеных сіл Украіны таксама адзначылі, што баявая праца па ваенных цэлях акупантаў працягваецца.