Сенатар Ліндсі Грэм: ЗША ўвядуць санкцыі супраць кожнай краіны, якая выканае ордэр МКС на арышт Нэтаньяху і Галанта
- 24.11.2024, 12:13
- 2,762
Палітык звярнуўся найперш да хаўруснікаў Амерыкі.
Амерыканскі сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм у інтэрв'ю тэлеканалу Fox News паабяцаў увесці санкцыі супраць хаўруснікаў ЗША, калі яны пачнуць выконваць ордэры на арышт прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньяху і былога міністра абароны Ёава Галанта, выдадзеныя Міжнародным крымінальным судом (МКС) The Insider.
«Усякаму хаўрусніку - Канадзе, Брытаніі, Нямеччыне, Францыі: калі вы будзеце дапамагаць МКС, мы ўвядзём супраць вас санкцыі», - заявіў Грэм. Ён таксама падкрэсліў: «Калі вы як нацыя падтрымаеце арышт па ордэрах супраць Бібі (Нэтаньяху) і Галанта, я прапаную ўвесці супраць вас санкцыі». Ён не раскрыў іх сутнасць, аднак паабяцаў, што яны «знішчаць» эканоміку краін, супраць якіх будуць уведзеныя.
Нагадаем, МКС абвясціў аб выдачы ордэраў на арышт Нэтаньяху і Галанта 21 лістапада, абвінаваціўшы іх у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці ў сектары Газа. У запыце генпракурора да МКС таксама фігуравалі трое верхаводаў ХАМАС, аднак усе трое ўжо былі забітыя.