27 лiстапада 2024, Серада, 5:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША ўпершыню рассакрэцілі дакумент аб датычнасці Крамля да забойстваў апанентаў за мяжой

2
ЗША ўпершыню рассакрэцілі дакумент аб датычнасці Крамля да забойстваў апанентаў за мяжой

Справаздача дырэктара нацыянальнай выведкі была падрыхтаваная на запыт Кангрэса.

Управа дырэктара нацыянальнай выведкі ЗША (ODNI) упершыню рассакрэціла мемарандум 2016 года пра палітычныя забойствы за мяжой. Двухстаронкавая справаздача была падрыхтаваная на запыт камітэтаў выведкі Кангрэса ЗША. У ёй падрабязна апісваюцца выпадкі забойстваў палітычных апанентаў і перабежчыкаў з пачатку кіравання Пуціна ў 2000 годзе, метады іх ліквідацыі і ацэнка ролі расейскага кіраўніцтва ў гэтых аперацыях. Беспрэцэдэнтны дакумент з'явіўся ў адкрытым доступе пасля васьмі гадоў намаганняў журналістаў, піша Bloomberg.

Мемарандум пад назвай «Заказныя забойствы за мяжой на загад Крамля, верагодна, прадоўжацца» быў падрыхтаваны Нацыянальнай радай выведкі ЗША 11 ліпеня 2016 года.

Дакумент быў рассакрэчаны дзякуючы настойлівасці журналіста Bloomberg Джэйсана Леапольда, які з 2017 года, яшчэ працуючы ў BuzzFeed News, удзельнічаў у расследаваннях забойстваў апанентаў Крамля і дамагаўся публікацыі дакумента праз запыты ў рамках Закона аб свабодзе інфармацыі. Пры гэтым частка справаздачы з сакрэтнымі звесткамі ў публікацыі закрытая чорнымі палосамі.

У дакуменце называюцца найболей вядомыя выпадкі палітычных забойстваў за мяжой. «Першым відавочным выпадкам» у эпоху Пуціна названае забойства чачэнскага лідара Зелімхана Яндарбіева ў Катары ў 2004 годзе шляхам падрыву машыны, за якое былі асуджаныя двое афіцэраў расейскай ваеннай выведкі.

Асаблівая ўвага ў дакуменце аддаецца забойству былога супрацоўніка ФСБ Аляксандра Літвіненкі ў Лондане ў 2006 годзе з выкарыстаннем радыеактыўнага палонію-210. Гэта названа «самым відавочным прыкладам палітычнага забойства», якое «амаль напэўна» было замоўленае Масквой.

Сярод іншых ахвяраў згадваецца расейскі бізнэсмэн Аляксандр Перапілічны, які, паводле звестак справаздачы, «меркавана быў забіты біялагічным таксінам у Вялікай Брытаніі ў 2012 годзе» перад дачай паказанняў аб крамлёўскай схеме падатковага махлярства.

У дакуменце таксама гаворыцца пра спробу атручэння дыяксінам былога прэзідэнта Украіны Віктара Юшчанкі ў 2004 годзе, калі ён быў кандыдатам у прэзідэнты і выступаў за збліжэнне з Захадам. Згадваецца і ліквідацыя ўкраінскага сепаратыста Аляксандра Бяднова, якога, як мяркуе амерыканская выведка, «верагодна забілі на загад з Масквы».

У мемарандуме зазначаецца, што расейскае кіраўніцтва адкрыта заяўляла пра выкарыстанне забойстваў як часткі антытэрарыстычнай палітыкі.

«У чэрвені 2006 года прэзідэнт Пуцін публічна заявіў, што даручыў службам бяспекі забіць людзей, якія маюць дачыненне да забойства чатырох расейскіх дыпламатаў у Іраку», – гаворыцца ў дакуменце. У тым самым годзе, паводле звестак выведкі ЗША, міністр абароны Расеі Сяргей Іваноў заявіў, што папраўкі ў закон аб супрацьдзеянні тэрарызму далі спецслужбам прававую аснову для ліквідацыі тэрарыстаў за межамі Расеі.

Такім чынам, да патэнцыйных мэтаў амерыканская выведка адносіць чатыры асноўныя катэгорыі: персоны, якія могуць быць звязаныя з тэрарызмам, перабежчыкі з выведкі і дысідэнты, чые дзеянні Крэмль уважае за тыя, «якія выйшлі за дапушчальныя межы», палітычныя лідары і апазіцыянеры ў ключавых былых савецкіх рэспубліках, «непакорлівыя» сепаратысты ва Украіне.

Паводле ацэнкі спецслужбаў ЗША, Расея мае магчымасці для правядзення забойстваў з выкарыстаннем хімічных і біялагічных агентаў, абапіраючыся на напрацоўкі савецкай эпохі. Пры гэтым адзначаецца, што кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў «верагодна атрымаў ад Пуціна свабоду дзеянняў» у дачыненні да ліквідацыі чачэнцаў за мяжой, прычым ягоныя аператыўнікі аддаюць перавагу агнястрэльнай зброі, у той час як расейскія спецслужбы часта выкарыстоўваюць атрутныя рэчывы.

Дакумент адметны тым, што ўпершыню афіцыйна пацвярджае даўнія падазрэнні пра датычнасць Крамля да серыі загадкавых смерцяў за мяжой. Як адзначае Bloomberg, раней амерыканскія спецслужбы не публікавалі гэтак адкрытых ацэнак падобных дзеянняў Крамля, афіцыйныя асобы толькі ананімна выказвалі падобныя здагадкі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках