Зяленскі пазбавіў дзяржузнагарод 34 здраднікаў Украіны
10- 22.11.2024, 12:58
- 6,922
У спісе - Медзвядчук, Азараў, Павалій і іншыя вядомыя прозвішчы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленск і падпісаў указ, якім увёў у дзеянне пастанову Рады нацыянальнай бяспекі і абароны аб пазбаўленні дзяржаўных узнагарод асоб, якія ўчынілі здраду або дзейнічаюць у інтарэсах дзяржавы-агрэсаркі.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Офіса прэзідэнта Украіны.
У спіс увайшлі 34 чалавекі, сярод якіх былыя чыноўнікі, народныя дэпутаты, кіраўнікі СБУ і Генпракуратуры, артысты, а таксама расейскія палітычныя, рэлігійныя і культурныя дзеячы. Усе яны бестэрмінова пазбаўленыя дзяржаўных узнагарод Украіны.
Да дзясяці асоб ужыты максімальны набор санкцый, які ўключае не толькі пазбаўленне ўзнагарод, але і блакаванне актываў, ануляванне ліцэнзій і дазволаў, а таксама поўнае спыненне гандлёвых аперацый. Сярод іх сямёра патрапілі пад санкцыі ўпершыню.
Напрыклад:
Аляксандр Яфрэмаў, былы першы намеснік лідара «Партыі рэгіёнаў», пазбаўлены ордэнаў «За заслугі» I-III ступеняў і князя Яраслава Мудрага V ступені.
Рэнат Кузьмін, экс-намеснік генпракурора Украіны, пазбаўлены ордэнаў «За заслугі» II-III ступеняў і звання «Заслужаны юрыст Украіны».
Віктар Медзвядчук, былы народны дэпутат, пазбавіўся ордэнаў «За заслугі» I-III ступеняў, князя Яраслава Мудрага V ступені і званне «Заслужаны юрыст Украіны».
Дзмітрый Табачнік, экс-міністр адукацыі і навукі, пазбаўлены ордэнаў князя Яраслава Мудрага IV-V ступеняў і звання «Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі».
Мікалай Азараў, былы прэм'ер-міністр, пазбавіўся ордэнаў «За заслугі» I-III ступеняў, князя Яраслава Мудрага V ступені і званне «Заслужаны эканаміст Украіны».
Віктар Пшонка, экс-генпракурор, пазбаўлены ордэна «За заслугі» III ступені.
Андрэй Дзяркач, былы народны дэпутат, пазбавіўся ордэна «За заслугі» III ступені.
Патрыярх Кірыл, кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы, пазбаўлены ордэна князя Яраслава Мудрага I ступені.
Артысты таксама пазбавіліся ганаровых званняў:
Мікалай Баскаў, Філіп Кіркораў, Аляксандр Малінін і кампазітар Ігар Крутой пазбаўлены звання «Народны артыст Украіны».
Ані Лорак і Таісія Павалій пазбаўленыя як звання «Народны артыст Украіны», так і «Заслужаны артыст Украіны».
20 лістапада Вярхоўная Рада прыняла закон аб пазбаўленні дзяржаўных узнагарод за папулярызацыю або прапаганду дзяржавы-агрэсаркі або ўчыненне іншых супрацьпраўных дзеянняў супраць Украіны.