Усе беларускія банкі могуць адключыць ад расейскага аналага SWIFT
1- 22.11.2024, 10:56
- 7,190
ЗША папярэдзілі аб новых санкцыях.
Управа кантролю за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША 21 лістапада абвясціла аб пашырэнні дзейных эканамічных санкцый. У санкцыйныя спісы патрапілі больш за 50 расейскіх банкаў, аднак наступствы гэтага кроку амерыканскіх уладаў у будучыні на сабе могуць адчуць не толькі кліенты гэтых фінансавых устаноў, але і банкаў іншых дзяржаў, падлучаных да нядаўна створанай сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў (СПФП), якая пазіцыянуецца як расейская альтэрнатыва SWIFT, піша «Телеграф».
Паводле заявы Мінфіна ЗША, у абноўлены санкцыйны спіс патрапіў расейскі Газпрамбанк і яго шэсць замежных даччыных кампаній. На думку амерыканскіх уладаў, гэта фінансавая ўстанова для афіцыйнай Масквы з'яўляецца «каналам па куплі вайсковай тэхнікі для ваенных дзеянняў супраць Украіны».
Раней такія санкцыі супраць расейскага Газпрамбанка ўвялі Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Вялікая Брытанія.
Таксама пад санкцыі патрапілі больш за 50 малых і сярэдніх расейскіх банкаў і больш за дзясятак службовых асобаў з ліку кіраўніцтва банкаў, якія, на думку амерыканскіх уладаў, «злоўжываюць міжнароднай фінансавай сістэмай» і праводзяць для расейскіх уладаў разлікі за вайсковыя тэхналогіі і абсталяванне.
Што ж да СПФП, да якой з 2021 года падключыліся і беларускія банкі, то Мінфін ЗША выпусціла афіцыйнае папярэджанне, у якім гаворыцца аб рызыцы санкцый для замежных фінансавых устаноў, якія далучаюцца да расейскай сістэмы. Паколькі СПФП з'яўляецца часткай фінансавага сектара расейскай эканомікі, улады ЗША разглядаюць кожную замежную фінансавую ўстанову, якая далучаецца да гэтай сістэмы, як «працуе ў сектары фінансавых паслуг эканомікі Расейскай Федэрацыі» і, адпаведна, падпадае пад дзеянне эканамічных санкцый.
«Расея выкарыстоўвала і прасоўвала СПФП, распрацаваную як альтэрнатыва сетцы SWIFT, для падтрымання міжнароднай фінансавай сувязі, ухілення ад санкцый і фінансавання сваіх ваенных дзеянняў», – заявілі ў Мінфіне ЗША, падкрэсліўшы, што надалей будуць разглядаць далучэнне да СПФП як «чырвоны сцяг».
У амерыканскім ведамстве заявілі, што гатовы «больш агрэсіўна пераследаваць замежныя фінансавыя ўстановы, якія прадпрымаюць такія дзеянні» і «настойліва заклікалі» зацікаўленыя бакі «перагледзець сваю залежнасць ад устаноў, якія далучыліся да СПФП».
Што такое СПФП?
Сістэма перадачы фінансавых паведамленняў пазіцыянуецца расейскімі ўладамі як аналаг міжнароднай сістэмы міжбанкаўскіх аплат SWIFT. З яе дапамогай можна хутка і абаронена рабіць пераводы, аплаты ў большасць краін свету.
SWIFT карыстаюцца як банкі, так і іншыя фінансавыя ўстановы (інвестыцыйныя кампаніі, біржы, брокерскія канторы). Да сістэмы падключаны больш за 11 тысяч арганізацый з больш як 200 краін свету і таму паказчыку расійская СПФС прыкметна ўступае - на 2024 год да яе былі падключаны 557 банкаў з 20 краін, уключаючы Кітай, Беларусь, Арменію, Таджыкістан і Казахстан.