22 лiстапада 2024, Пятніца, 12:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя санкцыі ЗША перакрыюць амаль усе прамыя плацяжы з Расеі

3
Новыя санкцыі ЗША перакрыюць амаль усе прамыя плацяжы з Расеі

Цяпер дзель прамых плацяжоў з РФ складае 20–25%, але яна скароціцца да некалькіх адсоткаў.

Новыя санкцыі ЗША зробяць практычна немагчымымі прамыя плацяжы ад расейскіх кампаній замежным контрагентам – разлічвацца давядзецца праз плацежных агентаў і іншых пасярэднікаў, што прывядзе да яшчэ большых выдаткаў і далейшага падаражэння тавараў.

Цяпер дзель прамых плацяжоў з Расеі складае 20–25%, але яна скароціцца да некалькіх адсоткаў, мяркуюць супрацоўнікі пяці знешнегандлёвых кампаній, паведамляе The Moscow Times.

Пад абмежаванні патрапілі блізу 50 банкаў, сярод якіх апошні буйны непадсанкцыйны банк Газпрамбанк, а таксама сярэднія і дробныя, але папулярныя ў тых, хто прадаўжаў плаціць наўпрост у Кітай і Турцыю («БКС банк», «Дом.рф», Форабанк, «Гарант-інвест», «Дзяржава», «Сінара», Прымсацбанк і інш.). «На жаль, у санкцыйным спісе банкі, якія працавалі быццам бы ніжэй за радары з сельскімі банкамі Кітая і сустрэчнымі плынямі», – са шкадаваннем адзначае адзін з імпарцёраў.

Мэнэджары ЗГБ ужо неафіцыйна раяць буйным кліентам, якія знаходзяцца ў Кітаі, тэрмінова зняць усе юані з картаў Unionpay, расказаў адзін з тых, хто атрымаў такое папярэджанне.

Праз ускладненні плацежных схемаў дзель рубля ў аплаце знешнегандлёвых аперацый прыкметна вырасце нават у параўнанні з рэкордным узроўнем, устаноўленым восенню, упэўнены кіраўнік кампаніі – плацежнага агента і кансультант у ЗЭД. Паводле звестак ЦБ, у верасні дзель рубля ў аплаце імпарту тавараў і паслуг дасягнула максімальных за ўсю гісторыю 48,5%, а экспарту – 42,8%. Нават у разліках з азіяцкімі краінамі дзель рубля перавысіла 45% у аплаце імпарту і наблізілася да 40% у разліках за экспарт.

Фармальна высокая дзель рубля гаворыць, што кампаніі плацяць праз усё больш складаныя і дарагія схемы, тлумачыць суразмоўца ў кампаніі – аплатным агенце. Рублі выкарыстоўваюцца для пераводу ў сяброўскія краіны, дзе – як правіла, паводле вельмі нявыгаднага курсу, са стратай 4–6% – канвертуюцца ў іншыя валюты для далейшай адпраўкі пастаўшчыкам, тлумачыць кансультант у ЗЭД. Рублямі ж, паводле ягоных словаў, аплачваецца крыптавалюта, якая набываецца для знешнегандлёвых угодаў; рублі выкарыстоўваюцца і ў схемах узаемазалікаў. Статыстыка кітайскай мытні паказвае, што гэта працоўныя схемы: паводле яе звестак, у кастрычніку імпарт у Расею быў на 27% вышэйшы, чым у тым жа месяцы летась, хоць у ліпені – быў ніжэйшы на 10%, нагадвае суразмоўца The Moscow Times.

Але схемы становяцца ўсё даражэйшымі, доўгімі і ненадзейнымі, жаліцца імпарцёр пластмасы з Кітая. Усё вышэйшая рызыка нарвацца на пасярэдніка-ашуканца, дадае кіраўнік кампаніі-плацежнага агента. «Простая статыстыка – больш схемаў і агентаў, лягчэй зачасацца прайдзісвету», – згаджаецца імпарцёр. «Рыхтуемся плаціць яшчэ больш», – рэзюмуе ён.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках