У Гомелі судзілі «легенду Веткаўскага музея»
- 21.11.2024, 15:03
- 6,646
Прыcуд вядомаму краязнаўцу вынес былы следчы.
Былы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Шклярава, вядомы экскурсавод Аляксандр Нікіцін быў прысуджаны да пазбаўлення волі паводле абвінавачання ва ўдзеле ў пратэстах. Гэта вынікае са звестак Гомельскага абласнога суда, дзе 22 лістапада будзе разглядацца апеляцыя на пастанову суда Чыгуначнага раёна, паведамляе «Флагшток».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", Аляксандра асудзілі ў канцы верасня паводле артыкула аб "грубым парушэнні грамадскага парадку" (ч. 1 арт. 342 КК). Прысуд вынес Дзяніс Кузенек, які стаў суддзёй літаральна некалькі месяцаў таму: прынамсі, у канцы траўня 2024 года ён яшчэ быў стажорам.
Раней Куенёк шмат гадоў працаваў следчым. Паводле згадванняў у дзяржаўных СМІ, у 2017 годзе ён быў начальнікам Гомельскага раённага аддзела Следчага камітэта (РАСК), а як мінімум да пачатку 2023 займаў пасаду начальніка Рэчыцкага РАСК і меў ранг палкоўніка юстыцыі.
Дакладны тэрмін, да якога прысудзілі Аляксандра, праваабаронцам невядомы. Раней яго прыцягвалі паводле адміністрацыйнага артыкула за падпіску на "экстрэмісцкую" старонку. Гэта адбылося ў пачатку траўня. З таго часу ягоныя сацсеткі не абнаўляліся.
Мяркуецца, што першапачаткова Нікіціна затрымалі за «падпіскі», а пры праверцы тэлефона змаглі знайсці здымкі з пратэстаў 2020 года, што і стала падставай для распачынання крымінальнай справы.
Аляксандра называлі «легендай Веткаўскага музея», «улюбёным экскурсаводам». Ён захапляўся краязнаўствам з юнацтва, удзельнічаў у экспедыцыях і збіраў старадаўнія рэчы, некаторыя з якіх набываў за ўласныя грошы.
У апошні час Аляксандр не працаваў у музеі. Яго забралі ў войска ў канцы 2022 года, і пасля службы ён не вярнуўся на працу. Са звестак «Флагштока», незадоўга да арышту ён паспеў папрацаваць на дзяржаўнай тэлевізіі. Да гэтага ён неаднаразова даваў каментары дзяржаўным СМІ.
Апеляцыю ў справе Нікіціна ў абласным судзе будзе разглядаць старшыня судовай калегіі Васіль Бягун.