Групу беларусаў усё ж эвакуююць з Лібана
2- 21.11.2024, 11:40
- 2,468
Але без удзелу беларускага боку.
МНС Расеі эвакуюе спецбортам з Лібана 20 беларусаў і 40 расейцаў. Як піша “Зеркало”, пра гэта паведаміў кіраўнік консульскага аддзела пры амбасадзе РФ Алег Дзяміраў.
Дзяміраў расказаў, што вываз 60 чалавек арганізаваны ў каардынацыі з МЗС РФ і пасольствам Расеі ў Лібане.
«Ажыццёўлены спецрэйс МНС Расеі аб дастаўцы гуманітарнай дапамогі Лібанскай Рэспубліцы. На зваротным шляху будзе вывезеная група з 40 грамадзян Расеі і 20 грамадзян Беларусі, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і пацярпелі ад вайсковых дзеянняў», - паведаміў дыпламат.
Нагадаем, эвакуацыя нашых суайчыннікаў з Лібана сіламі беларускага боку так і не была арганізаваная, хаця многія іншыя дзяржавы вывозілі адтуль сваіх суграмадзян і не толькі. Так, Украіна яшчэ 1 кастрычніка эвакуявала 134 украінцы і 45 замежнікаў.
Тым часам беларускае пасольства ў Лібане рэкамендавала беларусам пакінуць краіну "камерцыйнымі рэйсамі" або з'ехаць на "больш бяспечныя тэрыторыі".
У пачатку кастрычніка па тэрыторыі Ізраіля з боку Ірана было выпушчана 180 балістычных ракет. Раней пасля працяглых некалькі дзён ракетных і бомбавых удараў па аб'ектах “Хезбалы” ізраільскае войска ўвайшло ў Паўднёвы Лібан, заявіўшы, што мае намер правесці “абмежаваныя, лакалізаваныя і мэтанакіраваныя наземныя рэйды” супраць пазіцый і аб'ектаў групоўкі ў вёсках на поўдні Лібана.