Румынія і Балгарыя ўвойдуць у Шэнгенскую зону
2- 20.11.2024, 20:19
- 4,034
З новага года.
Румынія і Балгарыя са студзеня 2025 года поўнасцю далучацца да Шэнгенскай зоны і адкрыюць межы з Еўразвязам. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на прэм'ер-міністра Румыніі Марчэла Чалаку.
Румынія і Балгарыя – чальцы Еўразвязу і NATO. Яны далучыліся да Шэнгенскай зоны, якая складаецца з 29 краінаў, у сакавіку 2024 года, аднак адкрылі толькі марскія і паветраныя межы. Гэта адбылося пасля дасягнення частковай дамовы з Аўстрыяй, якая першапачаткова выступала супраць далучэнні Румыніі і Балгарыі. Улады Аўстрыі спасылаліся на тое, што ў абедзвюх краінах па-ранейшаму занадта высокі ўзровень нелегальнай іміграцыі, таму ім неабходна прыкласці больш намаганняў для яе прадухілення.
Перамовы пра адкрыццё наземных межаў прадаўжаліся цягам усяго 2024 года. Як піша Reuters, у пятніцу 22 лістапада ў Вугоршчыне пройдзе сустрэча міністраў унутраных справаў Аўстрыі, Румыніі і Балгарыі.
«Гэтая сустрэча вельмі важная, таму я дамовіўся з прэм'ер-міністрам Вугоршчыны, што паеду ў Вугоршчыну… у дзень, калі міністры ўнутраных справаў збяруцца, каб зацвердзіць фінальны дакумент», – сказаў Чолаку.
Ён дадаў, што парламент Нідэрландаў, які раней выступаў супраць далучэння Балгарыі, таксама павінен будзе зацвердзіць гэты дакумент. «У нас ужо ёсць узгоднены каляндар. Гэта адбудзецца з 1 студзеня 2025 года. Тым, хто прыедзе дадому на святы, будзе значна лягчэй з'ехаць», – заявіў прэм'ер-міністр Румыніі.
Чолаку не згадаў Балгарыю, але працэс далучэння дзвюх краінаў разглядаецца як пакетная ўгода.
Reuters адзначае, што Румынія і Балгарыя размешчаныя на асноўных маршрутах незаконнага гандлю зброяй, наркотыкамі і людзьмі. Нягледзячы на гэта, Еўракамісія заявіла, што ўважлівае расследаванне пацвердзіла адпаведнасць абедзвюх краінаў усім патрабаванням Шэнгенскай зоны.