Знакамітая сетка фастфуду падала на банкруцтва: у яе ёсць рэстарацыя і ў Менску
15- 2.11.2024, 23:18
- 25,716
Сетка пратрымалася амаль 60 гадоў.
Амерыканская сетка рэстарацый фастфуду TGI Friday's Inc. з амаль 60-гадовай гісторыяй 2 лістапада падала заяву аб банкруцтве ў суд Тэхаса, паведамляе «Зеркало» са спасылкай на Business Insider. Адна з устаноў сеткі пакуль працуе і ў Менску.
Кампанія папярэдне ацаніла свае актывы, а таксама абавязацельствы на 100-500 млн даляраў.
Выканаўчы дырэктар TGI Fridays Рахіт Маноча ўказаў, што асноўнай прычынай фінансавых праблем сеткі сталі пандэмія каранавіруса і структура капіталу. Да таго ж у апошні час перавагі спажыўцоў змяніліся ва ўмовах росту кошту жыцця - людзі імкнуцца эканоміць, напрыклад, есці дома або ў недарагіх установах.
Кансультант у грамадскім харчаванні Цім Паўэл у каментары выданню зрабіў прагноз, што тэндэнцыя да закрыцця сетак рэстарацый фастфуду прадоўжыцца праз тое, што яны выходзяць з моды ў кліентаў.
TGI Friday’s была заснаваная ў Нью-Ёрку ў 1965 годзе. У Беларусі сетку развівае кампанія «БЕЛРАСІНТЭР» - тая ў сваю чаргу належыць расейскаму «Расінтэр Рэстарантс Холдынг», які кіруе рэстарацыямі сеткі паводле праграмы франчайзінгу. У Беларусі зараз працуе адна ўстанова TGI Friday's — у Менску.