СМІ раскрылі, як Украіна абвяла Расею вакол пальца
4- 2.11.2024, 16:30
- 24,920
Украіна выкарыстоўвала тактыку часоў Другой сусветнай.
Падчас Курскай аперацыі Украіна ўвяла ў зман Расею тымі ж спосабамі, якія Нямеччына выкарыстоўвала падчас Другой сусветнай вайны ў бітве пры Балджы, піша Business Insider (пераклад - «Уніян»).
У жніўні Украіна раптоўна пачала наступ на Курскую вобласць, што стала нечаканасцю не толькі для Расеі, але і для некаторых вайсковых экспертаў, якія ўважалі шырокамаштабныя атакі мала за імаверныя ў сучаснай вайне. Развіццё беспілотных лятальных апаратаў і спадарожнікавай выведкі ператварылі поле бою ў прастору амаль сталага назірання, што робіць складаным дасягненне тактычнай нечаканасці.
Як адзначае Трэніровачнае камандаванне войска ЗША (TRADOC), «распаўсюджванне беспілотных лятальных сістэм падчас украінска-расейскай вайны стварыла празрыстае поле бою». Аднак, нягледзячы на шматлікія расейскія дроны, якія ўважліва сачылі за ўкраінскімі перамяшчэннямі, Украіне ўдалося засяродзіць сілы і ажыццявіць атаку, якая агаломшыла Крэмль і прывяла да захопу сотняў квадратных км тэрыторыі.
Украіна падрыхтавала наступ, абапіраючыся на метады, якія выкарыстала Германія падчас Ардэнскага наступу ў снежні 1944 года. Яна сканцэнтравала свае найлепшыя брыгады для наступу на ўсходзе, тым самым разрэдзіўшы расейскую абарону на асноўнай лініі фронту. Як паказана ў справаздачы TRADOC, да 75% расейскіх наземных сіл, у тым ліку паветрана-дэсантныя падраздзяленні, былі сканцэнтраваныя на ўсходзе Украіны, што зрабіла Курск больш уразлівым. Акрамя таго, выведвальныя сродкі Расеі таксама былі сканцэнтраваныя ў іншых раёнах, дзе Расея праводзіла актыўныя баявыя дзеянні.
Для забеспячэння сакрэтнасці аперацыі ўкраінскае камандаванне захоўвала планы ў таямніцы, абмежаваўшы інфармацыю да вузкага кола асоб. Украінскія вайскоўцы таксама выкарыстоўвалі дэзінфармацыю, напрыклад, распаўсюджвалі інфармацыю, што не змогуць пачаць наступленне да вясны 2025 года. Асобныя падраздзяленні, напрыклад 61-я механізаваная брыгада, абвясцілі аб перакідцы ў іншыя раёны, каб збіць расейскую выведку з панталыку.
Дадаткова Украіна актыўна процідзейнічала выведвальным сістэмам Расеі, атакуючы яе аэрадромы і знішчаючы расейскія дроны. Украінскія сілы выкарысталі ракеты, дроны і артылерыю, каб абмежаваць магчымасць расейскага падмацавання. Гэта нагадвае Ардэнскую аперацыю, калі Германія скарысталася неспрыяльнымі варункамі надвор'я, якія рабілі немагчымым паветраную выведку праціўнікаў.
Выданне адзначае, што ўкраінскае наступленне выклікала трывогу ў Маскве, але не змагло значна адцягнуць расейскія сілы ад усходняга фронту, а контратакі Расеі паступова памяншаюць украінскія дасягненні ў гэтым кірунку. Аднак украінская аперацыя паказала, што раптоўныя напады магчымыя нават у сучасную эпоху развітых выведвальных тэхналогій, калі належнае планаванне і ўтойванне рухаў могуць забяспечыць аператыўную нечаканасць.