У Літве пры загадкавых абставінах загінуў былы расейскі неанацыст Казак
9- 2.11.2024, 14:44
- 11,026
Ён выступаў супраць Пуціна.
Як паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на расейскія тэлеграм-каналы, 23 кастрычніка ў Літве недалёка ад вёскі Яўнішкес, на трасе Рыга – Шаўлі – Таўрогі – Калінінград грузавік збіў мужчыну, які ад атрыманых траўмаў памёр на месцы. Як высветлілася пазней, ахвярай стаў адзін з вядомых у мінулым актывістаў неанацысцкага руху ў Татарстане Дзмітрый Новікаў з мянушкай Казак.
За свае неанацысцкія погляды Новікаў правёў за кратамі 14 гадоў. Першы тэрмін – 4 гады – ён атрымаў ва ўзросце 21 года, калі здзейсніў напад з нажом на свайго ідэйнага ворага – актывіста левых поглядаў. Пасля вызвалення ў 2008 годзе Новікаў стварыў маладзёвую неанацысцкую групоўку «Казанская дывізія», якая арганізоўвала так званыя белыя патрулі, падчас якіх збівалі людзей неславянскай знешнасці.
У 2010 годзе яго зноў затрымалі за групавыя напады на антыфашыстаў, што прывяло да новага тэрміну зняволення – яшчэ 3,5 гады. Да якога неўзабаве дадалі год за стварэнне экстрэмісцкай групоўкі.
Нягледзячы на знаходжанне ў турме, Новікаў прадаўжаў кіраваць «Казанскай дывізіяй» і нават падбухторваў сваіх прыхільнікаў да спробы падпалу будынка Усетатарскага грамадскага цэнтра ў Казані.
Сілавікі здолелі перахапіць ліставанне і прадухіліць падпал. У выніку Новікаву дадалі яшчэ чатыры гады. Сам жа ён у інтэрв'ю літоўскім журналістам сцвярджаў, што справа была сфабрыкаваная.
У 2014 годзе, паводле словаў самога Новікава, яму прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні і накіравацца ў зону баявых дзеянняў у Данецкай і Луганскай абласцях. Але ён адмовіўся. Аднаму з літоўскіх выданняў Новікаў расказваў, што ў калоніі зазнаў катаванні і псіхічнае ўздзеянне.
Апошнюю судзімасць – 2,5 гады калоніі за экстрэмізм у інтэрнэце – Новікаў атрымаў неўзабаве пасля вызвалення. Мужчына сцвярджаў, што яго абвінавацілі ў рэпосце нейкіх выказванняў, якія ён не рабіў.
Урэшце Новікаў з'ехаў ва Украіну і папрасіў там палітычнага прытулку. Сцвярджаў, што «адным з першых выказваўся, што Пуцін і ягоныя чыноўнікі – галоўныя ворагі Расеі», праводзіў мітынгі, а таксама падтрымліваў «Азоў».
Калі ў сховішчы было адмоўлена, то ў сакавіку 2021 года Новікаў праз Беларусь перабраўся ў Літву. Паводле ягоных словаў, туды ён патрапіў нелегальна па балотах.
У інтэрв'ю літоўскаму выданню ў 2021 годзе Новікаў расказваў, што, знаходзячыся ва Украіне, ён займаўся арганізацыяй пратэстаў у абарону Аляксея Навальнага, даваў інтэрв'ю і расказваў пра тое, што адбываецца ў калоніі ва Уладзіміры.
23 кастрычніка 2024 года Новікаў пры загадкавых абставінах патрапіў пад колы фуры.