Упалыя дрэвы, пашкоджаныя аўто і парушэнне электразабеспячэння: Што нарабіў ураган у Беларусі
1- 2.11.2024, 12:37
- 3,850
Ратавальнікі расказалі пра наступствы непагадзі 1 лістапада.
Праз моцны вецер з парывамі да 24 м/с у Беларусі 1 лістапада зафіксаваны 41 выпадак падзення дрэваў, расказалі ў прэс-службе МНС.
У Менскай вобласці з прычыны праходжання навальнічнага фронту ў пяці раёнах зафіксаваныя дзевяць выпадкаў падзення дрэваў: у Валожынскім, Барысаўскім (2), Менскім (3), Маладзечанскім (2) і Нясвіжскім раёнах.
У выніку ўзмацнення ветру ратавальнікі Магілёўскай вобласці шэсць разоў выязджалі на ўборку дрэваў. У Магілёве, Бабруйскім, Чавускім раёнах і горадзе Шклове дрэвы ўпалі на дарогу і перагарадзілі праезд. У Магілёве на праспекце Дзімітрава дрэва ўпала на паркоўку і пашкодзіла тры легкавыя аўтамабілі.
Паводле інфармацыі РУП «Магілёўэнэрга», цягам сутак у Магілёўскай вобласці парушалася электразабеспячэнне 17 населеных пунктаў і трох фермаў у Крычаўскім, Кіраўскім і Глускім раёнах.
У выніку непагадзі ў Гомельскай вобласці былі зафіксаваныя два інцыдэнты. У Калінкавічах сарваны ліст металапрофільнага абліцоўвання кантавай часткі фасада жылога дома пашкодзіў два аўтамабілі, а ў гарпасёлку Лоеў дрэва ўпала на праезную частку па вуліцы Варашылава.
За мінулыя суткі ратавальнікі Берасцейскай вобласці выязджалі на ліквідацыю наступстваў непагадзі ў вёсцы Яглевічы Івацэвіцкага раёну, дзе дрэва ўпала на дарогу.
Таксама для ліквідацыі наступстваў непагадзі задзейнічаныя іншыя арганізацыі. У Баранавічах дрэва ўпала на два аўтамабілі, у вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна – у двары паміж шматкватэрнымі дамамі, яшчэ адно дрэва ўпала на праезную частку. У Пружанскім раёне зафіксаваны факт падзення дрэва на праезную частку, а ў Берасці ўзнікла пагроза падзення галіны, якая раскалолася, на гаспадарчы будынак. Тут працы праводзілі ЖКГ, ДЭУ і ВКУП «Камунальнік».