Менскія архітэктары спраектавалі «катэдж» для бяздомных сабак
4- 2.11.2024, 12:21
- 3,022
Яго можа сабраць кожны.
Архітэктары Зялёнай гавані распрацавалі і сабралі модную хатку для бадзяжных сабак. Будка зробленая з непатрэбных матэрыялаў, якія засталіся ад будаўніцтва жылых дамоў. Яе перадалі ў прытулак «Фартуна». Такія ж домікі могуць сабраць усе ахвочыя паводле гатовых чарцяжоў, піша realt.by.
Для таго каб паказаць, якімі могуць быць домікі для жывёлаў, архітэктары «А-100 Дэвелапмент» спраектавалі і сабралі драўляны «катэдж» з тэрасай і адкідным дахам. Падстрэшак абараняе ад дажджу і сонца, усярэдзіне абсталяванае месца для начлегу.
Такую ж модную хатку можна сабраць і самастойна – паставіць на сваім лужку або перадаць у прытулак для бадзяжных жывёлаў. Чарцяжы выкладзеныя ў адкрытым доступе.
«Ідэя стварэння такой хаткі ўзнікла падчас працы пункта прыёму непатрэбных матэрыялаў пасля рамонту. Мы падумалі, што важна не проста перадаць іх у прытулак “Фартуна”, але і паказаць, як з таго, што магло трапіць на сметнік, стварыць камфорт для бяздомных жывёлаў. І зрабіць гэта хораша, бо стыльнай можа быць і будка для сабак. Наш досвед можа паўтарыць кожны. Для гэтага мы дзелімся чарцяжамі і дазваляем іх выкарыстоўваць. Важна і тое, што канцэпцыя Зялёнай гавані заснаваная на максімальным захаванні лесу пры забудове, а паўторнае выкарыстанне рэшткаў драўляных матэрыялаў гэтаму спрыяе», – адзначае галоўная архітэктарка праекту Зялёная гавань Марыя Авілава.
Нагадаем, што на пачатку кастрычніка менчукоў папрасілі падзяліцца лішкамі рамонту. У ініцыятыве ўдзельнічалі жыхары Зялёнай гавані і іншых раёнаў Менска і прыгараду. У пункт прыёму непатрэбных будматэрыялаў прынеслі дошкі, пліткі, лісты металапрофілю, сеткі рабіцы і ўцяпляльнікі. Усе яны пойдуць на выраб канструкцый для бяздомных жывёлаў у прытулку «Фартуна».