Страты РФ у вайне супраць Украіны паставілі новы рэкорд
6- 18.11.2024, 21:33
- 7,440
Звесткі выведкі Вялікай Брытаніі.
У кастрычніку сярэднядзённыя страты расейскіх войскаў у вайне ва Украіне дасягнулі новага максімуму і маюць тэндэнцыю да далейшага росту.
Пра гэта паведамляе Міністэрства абароны Брытаніі ў сацсетцы X.
Паводле справаздачы Генштаба УСУ, сярэднядзённыя страты расейцаў у кастрычніку склалі 1354 чалавекі – гэта самы высокі паказнік з пачатку вайны. Гэтая колькасць ахоплівае як загінулых, так і параненых акупантаў.
Як адзначаюць вайсковыя аналітыкі, за першыя 12 дзён лістапада страты расейскіх войскаў заставаліся на высокім узроўні, з сярэднядзённым паказнікам 1498 чалавек. Гэта сведчыць, што тэндэнцыя росту стратаў расейскіх войскаў верагодна прадоўжыцца.
У выведцы Брытаніі адзначылі, што ў кастрычніку Расея таксама панесла найбольшыя месячныя страты за ўвесь перыяд вайны – 41980 чалавек. Гэты лік значна перавышае папярэдні рэкорд 39110 чалавек, зафіксаваны ў траўні 2024 года.
Паводле апошніх падлікаў, з пачатку вайны Расея, верагодна, страціла больш за 700 тысячаў чалавек.
Таксама брытанская выведка звярнула ўвагу на тое, што Расея павялічыла тэмпы наступальных аперацый, сярод іншага: у раёнах Курска, на ўсходзе ракі Аскол, каля Тарэцка, Пакроўска і Вуглядара.
Чакаецца, што гэтыя наступальныя дзеянні будуць прадаўжацца і цягам зімовага перыяду, з высокай верагоднасцю Расея будзе несці яшчэ большыя страты.