Кітайская кампанія плаціць сваім супрацоўнікам за знаёмствы
4- 18.11.2024, 21:15
- 1,916
$140 за паспяховыя стасункі.
Адна з кампаній у Кітаі ўвяла грашовыя заахвочванні, каб заахвоціць адзінокіх супрацоўнікаў хадзіць на спатканні і ствараць сем'і, піша South China Morning Post.
Так, кампанія Shenzhen Arashi Vision Company Ltd, якая спецыялізуецца на вытворчасці панарамных камераў Insta360, паабяцала выплачваць супрацоўнікам узнагароду памерам 66 юаняў (прыкладна 9 даляраў) за кожны пост на сваёй платформе анлайн-знаёмстваў, які апавядае хоць бы пра аднаго адзінокага чалавека, які не працуе ў гэтай арганізацыі, каб супрацоўнікі маглі знайсці сабе пару такім чынам. Чалавек мусіць быць рэальным.
Калі супрацоўнік паспяхова знойдзе на гэтай платформе партнёра не з гэтай кампаніі і ў іх будуць стасункі цягам як мінімум трох месяцаў, то фірма ўзнагародзіць кожнага партнёра і таго, хто размясціў публікацыю. Кожнаму абяцаюць 1000 юаняў (блізу 140 даляраў).
Адзін з супрацоўнікаў гэтай кампаніі расказаў, што да 11 лістапада на форуме знаёмстваў гэтай фірмы было апублікавана блізу 500 паведамленняў. Кіраўніцтва размеркавала грашовыя ўзнагароды агульным памерам блізу 10000 юаняў (блізу 1380 даляраў) сярод усіх, хто публікаваў пасты пра адзінокіх людзей.
Паводле ягоных словаў, паколькі гэты праект запусцілі менш чым тры месяцы таму, то бонусы за знаёмствы яшчэ не выплачваліся.
Супрацоўнікі ўспрынялі ініцыятыву добра (некаторыя жартавалі, што іх маці не такія актыўныя ў гэтым пытанні, як іх кампанія), а вось у сацсетках яна выклікала розную рэакцыю.
«Ці ёсць у кампаніі якія-небудзь планы ў наборы персаналу?» – напісаў адзін з карыстальнікаў сацсеткі Douyin.
«Ураду варта прыгледзецца да гэтага прыкладу», – пажартаваў іншы.
Камусьці гэта падалося цынічным.
«Каханне не варта вымяраць грашыма», – выказаў меркаванне яшчэ адзін каментатар.
Выданне зазначае, што ў апошнія гады ў Кітаі назіраецца сталае зніжэнне колькасці шлюбаў. Паводле апошніх урадавых звестак, за першыя тры кварталы 2024 года ў Кітаі 4,74 мільёна параў аформілі свае звязы афіцыйна, і гэта на 16,6% менш, чым у той самы перыяд летась, калі шлюбы зарэгістравалі 5,69 мільёна параў.
Акрамя таго, летась узровень нараджальнасці ў краіне дасягнуў рэкордна нізкага ўзроўню: усяго 6,39 нараджэнні на тысячу чалавек у 2023 годзе, у 2022-м гэты паказнік быў 6,77.
Дадамо, што ў Кітаі ў апошнія гады пазначылася яшчэ адна тэндэнцыя, якая не спрыяе росту колькасці шлюбаў. Рэч у тым, што мясцовыя жыхары пачынаюць сутыкацца з дыскрымінацыяй паводле ўзросту ўжо з 35 гадоў. Менавіта гэты лік працадаўцы часта ставяць у якасці верхняй планкі ў апісанні вакансій.
Паводле звестак New York Times, сучасныя кітайцы аддаюць перавагу кар'еры ў юнацтве і толькі да 30–35 гадоў пачынаюць задумвацца пра сям'ю і дзяцей. Ва ўмовах, калі планаванне сям'і супадае з цяжкасцямі пры пошуку працы ў выглядзе эйджызму, многія ў выніку аддаюць перавагу таму, каб ахвяраваць стасункамі і асабістым жыццём. Гэтая з'ява атрымала назву «праклён 35-гадовых».