Лукашэнка пазбавіў вайсковых і спецыяльных званняў 21 чалавека
11- 18.11.2024, 20:36
- 10,734
Дыктатару не дае спакою рэвалюцыя 2020 года.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб пазбаўленні воінскіх і спецыяльных званняў», паведамляе ягоная прэс-служба.
Былыя вайскоўцы і супрацоўнікі розных сілавых установаў (асобы кіраўнічага складу) пазбаўленыя воінскіх і спецыяльных званняў.
«У перыяд абвастрэння грамадска-палітычнага становішча ў 2020 годзе яны здзейснілі супрацьпраўныя дзеянні, якія не сумяшчальныя са статусам вайскоўца. У сувязі з гэтым кіраўнікі сілавых установаў у вызначаным парадку ініцыявалі перад «кіраўніком дзяржавы» пытанне аб пазбаўленні гэтых асобаў вайсковых і спецыяльных званняў», – гаворыцца ў паведамленні.
Усяго званняў быў пазбаўлены 21 чалавек. Іх прозвішчы не апублікаваныя, як і тэкст указа.
Нагадаем, практыка масавага пазбаўлення званняў нязгодных з палітыкай Лукашэнкі пачалася ў траўні 2021 года. У першым такім указе фігуравалі 80 прозвішчаў. Пасля такія ўказы сталі з'яўляцца рэгулярна.