Кошты нафты падаюць
6- 18.11.2024, 20:12
- 9,878
І, напэўна, гэта яшчэ не канец.
Кошт нафты знізіўся на фоне асцярог запаволення эканомікі Кітая, найбуйнейшага імпарцёра нафты ў свеце. Акрамя таго, умацаванне даляра знізіла цікавасць інвестараў да сыравінных тавараў, кошты якіх намінаваныя ў далярах, такіх як нафта, пішуць «Дэталі».
На Нью-Ёркскай таварнай біржы кантракты на нафту маркі Texas Sweet з пастаўкай у снежні закрыліся на ўзроўні 68 даляраў за бараль. За два апошнія дні нафта патаннела амаль на 6%. На таварнай біржы ICE ў Лондане Кантракты на нафту Brent з пастаўкай у лістападзе закрыліся на ўзроўні 72 даляры за бараль. За два дні кошт Brent упаў на 5%.
Яшчэ ў верасні АПЕК апублікавала новы прагноз, паводле якога сусветны попыт на нафту вырасце ў 2024 годзе прыкладна на 2 мільёны бараляў за дзень, што на 80 тысячаў бараляў менш за папярэдні прагноз. АПЕК таксама панізіла прагноз росту попыту на наступны год на 40 тысячаў бараляў – да 1,7 мільёна за дзень. Гэта ўжо другое паніжэнне прагнозу за апошнія два месяцы. У жніўні АПЕК панізіла прагноз росту сусветнага попыту на нафту праз запаволенне спажывання ў Кітаі, найбуйнейшым у свеце імпарцёры сырой нафты.
У швэйцарскім банку EFG мяркуюць, што ў агляднай перспектыве нафта будзе гандлявацца ў коштавым інтэрвале 55–70 даляраў за бараль. Банкаўскія эксперты адзначаюць, што з канца лета валацільнасць коштаў нафты значна вырасла. Гэта пацвярджаецца частатой значных зменаў коштаў нафты за адзін гандлёвы дзень – сітуацыя, аналагічная якой назіралася толькі ў пачатку вайны ва Украіне. Дзель гандлёвых дзён, калі кошты змяняліся на больш за 3%, з 2021 года істотна вырасла.
Кошты нафты WTI, тлумачаць у EFG, з канца 2022 года вагаюцца ў шырокім дыяпазоне – ад 65 да 95 даляраў за бараль, аднак у апошні час яе кошт наблізіўся да ніжняй мяжы дыяпазону. Эксперты заяўляюць, што гэта здаецца даволі дзіўным, беручы да ўвагі напружанасць на Блізкім Усходзе, скарачэнні здабычы ў краінах АПЕК і сезон ураганаў у ЗША.
Але ўсё гэта – кароткатэрміновыя чыннікі, і для ацэнкі дынамікі важнейшыя сярэдне- і доўгатэрміновыя, у першую чаргу такія, як прагрэс у энэргетычным пераходзе (зніжэнне залежнасці ад нафты) і геапалітычная сітуацыя, у тым ліку зыход выбараў у ЗША, які здольны змяніць узровень міжнароднай напружанасці . На думку EFG, вынік выбараў у ЗША можа паўплываць на геапалітычныя канфлікты і іх вастрыню ў сярэднетэрміновай перспектыве.
Што ж тычыцца пераходу на аднаўляльныя крыніцы энэргіі, тое, што адбываецца, усё мацней уплывае на сусветны попыт на нафту. Напрыклад, у ЗША попыт на нафтапрадукты ў першай палове 2024 года быў на 4,5% ніжэйшы за сярэдні ўзровень 2018–2019 гадоў. Адначасова дзель сонечнай і ветравой энэргіі ў агульным энэргаспажыванні падвоілася.
«Нам уяўляецца, што рынак больш схільны ўплыву доўгатэрміновых структурных чыннікаў, такіх як пераход на аднаўляльныя крыніцы энэргіі і змены ў сусветнай эканоміцы, чым кароткатэрміновым рызыкам», – падсумоўваюць банкаўскія эксперты.