Украінскага дэпутата, які ездзіў у Менск, западозрылі ў дзяржздрадзе
2- 14.11.2024, 19:16
- 6,744
Ён выхваляўся сяброўствам з Лукашэнкам.
Служба бяспекі Украіны, Дзяржаўнае бюро расследаванняў і Генеральная пракуратура заявілі, што сабралі довады дзяржаўнай здрады з боку дзейнага народнага дэпутата Украіны. У паведамленні не згадваецца імя падазраванага, але абставіны справы ўказваюць на Яўгена Шаўчэнку, які нядаўна заклікаў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пачаць перамовы з Расеяй.
На гэты момант пракуроры Генеральнай пракуратуры ўнеслі хадайніцтва аб абранні падазраванаму меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.
Паводле версіі следства, дэпутат пачаў прычыняць шкоду абараназдольнасці і інфармацыйнай бяспецы Украіны яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў РФ. Так, у 2021 годзе ён апублікаваў недакладную інфармацыю аб адсутнасці пагрозы поўнамаштабнага ўварвання РФ з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Следства таксама ўстанавіла яго кантакты з прадстаўнікамі пасольства Рэспублікі Беларусь пасля таго, як ён з'явіўся на трыбуне парламента са сцягам гэтай краіны ў верасні 2020 года.
Згодна з матэрыяламі справы, фігурант сістэматычна займаўся інфармацыйнай і падрыўной дзейнасцю ў інтарэсах дзяржавы-агрэсаркі.
Яўген Шаўчэнка праславіўся як актыўны прыхільнік Лукашэнкі і лабіст яго інтарэсаў ва Украіне. У 2021 годзе ён наведаў Беларусь, дзе ўзяў удзел у прапагандысцкіх мерапрыемствах і сустрэўся з Лукашэнкам. Пасля гэтага Шаўчэнку выключылі з фракцыі «Слуга народа».