Палкоўніку ніхто не піша і нават не тэлефануе
4- Уладзімір Халіп
- 14.11.2024, 19:24
- 18,672
Менавіта ў такую хвіліну шэф "Масфільма" раптам паспяшаўся на дапамогу.
Гэта быў тэст глабальнага маштабe. Праходзяць выбары. Падлічваюць галасы. Абвяшчаюць пераможцу. І той, хто атрымлівае большасць галасоў, незалежна ад таго, рэспубліканец гэта ці дэмакрат, найперш што робіць? Усё правільна - адасабляецца і тэлефануе куды? Што за пытанне! Вядома, у гэты бункер. Бо там непрадказальны палкоўнік тайных войскаў. У якога што? Усё дакладна – тая сакрэтная валізка з самай страшнай кнопкай. Таму такі страшны і непрадказальны гэты шматпалярны свет.
Вось раз'юшыцца маршалак цёмнага свету, пакрыўдзіцца, ці проста націсне з гарачкі гэтую някідкую кнопку, і тых, хто не схаваўся, згадвай, як звалі. Апакаліпсіс планетарнага маштабу. І што характэрна, у самім бункеры і нават у Крамлі ніхто супраць падобных свавольстваў пярэчыць не стане. Бо гэты непрадказальны палкоўнік у сумяшчальніцтве яшчэ і прэзідэнт. І ніхто яму не ўказ. І часы даўно не тыя. І ранейшыя прынцыпы добрасуседства і ўсякія тамака дамовы і дамоўленасці даўно ўжо не працуюць. Толькі табель аб рангах усё такі ж непарушны і непахісны. І тыя, каму належыць, усяго агульнапрынятага дакладна пільнуюцца.
А таму новаабраны прэзідэнт ЗША, не чакаючы афіцыйных віншаванняў, павінен быў перш за ўсё патэлефанаваць у далёкую і вельмі крутую краіну палкоўніку з чырвонай кнопкай. Для асаблівай размовы. Гэта яшчэ не абнаўленне ранейшага статуту, ладна пашкуматанага ў мітусні апошніх гадоў. Але грунтоўная заяўка на вясёлкавую перспектыву і адну з галоўных роляў у будучым лёсе гэтага неўладкаванага свету. Адным словам, ішлі дні. А доўгачаканага званка ў таемны бункер усё не было.
Дзіўна, аднак. Там, за акіянам хтосьці не разумее, якая роля ў гэтым мітуслівым свеце прызначаная палкоўніку з яго шалёнай кнопкай? Насуперак яго нядаўняй пастанове пераможцу на выбарах не віншаваць, паколькі краіна несяброўская, проста на валдайскім форуме падчас кіроўнай прамовы ўсё ж пастанавілі паслаць намёк марудліваму пераможцу ў выглядзе скупога і як бы выпадковага віншавання. І зноў цішыня.
Ужо дзевяць прэм'ер-міністраў, прэзідэнтаў і нават адзін наследны прынц у дадатак спрытна абышлі амбіцыйнага палкоўніка ў гэтым марафоне. Найбольш кемлівым у ягоным найбліжэйшым асяроддзі было даўно зразумела, што ролі ў новай чатырохгадовай драме могуць быць распісаныя зусім не так, як гэта ўяўлялася бункерным прыдворным. Злавесная кнопка, не адна, а ўжо дзве сакрэтныя валізкі і бязмежныя амбіцыі гэтага шукальніка асобай ролі для новаабранага рэжысёра будучых працэсаў у сусветнай палітыцы павінны былі стаць бясспрэчным аргументам. Здавалася нават, што наспявае вялікі крамлёўскі скандал планетарнага маштабу.
Але тут за акіянам раптам нешта страпянулася. Вядомая амерыканская газета паведаміла, што доўгачаканы тэлефонны дыялог усё ж адбыўся. І нават некаторыя ягоныя моманты быццам бы ўжо вядомыя. Толькі гэта быў зусім не той варыянт, якога так чакалі. А таму ў інфармацыйнай прасторы адразу прагучаў сарамлівы голас прэс-сакратара Пяскова. Паведамленні аб тэлефоннай размове, якая быццам бы адбылася ў гэтыя дні, недакладныя і заўчасныя.
Дык што ж, інцыдэнт вычарпаны? Як бы не так! У сёлетнім тэатры нацый і амбіцый ролі проста так ніхто не прапануе. Кожны выбірае сам. У поўнай адпаведнасці са сваімі магчымасцямі. І потым спрабуе абараніць свой выбар. Удаецца не заўсёды і далёка не ўсім. А калі ў запасе толькі тупая і бессэнсоўная вайна, якая доўжыцца амаль тысячу дзён, на што тут спадзявацца?
І нават за гэты час ніякіх па-сапраўднаму значных поспехаў. Вось яшчэ адзін пасёлак, яшчэ адзін курган у стэпе. Але пры гэтым незлічоная колькасць разбітай і згарэлай тэхнікі агрэсара. А яшчэ ў дадатак Курская вобласць страціла ў выніку раптоўнага прарыву ўкраінскіх войскаў частку сваёй тэрыторыі. І пераможны настрой пануе ўжо хіба што ўсё ў тым жа стратэгічным бункеры. Увага яго насельніка прыкаваная да мяжы, на якой яму прымроілася магчымасць акружэння супраціўніка. А дзеля гэтага нічога не шкада. Расейскаму войску гэтая стратэгічная задума ўжо каштавала трох батальёнаў і 77 адзінак бранятэхнікі. Не, гэта не ключавы горад. Гэта ўсяго толькі курскі хутар Паграбкі.
Ці дачакаецца неўтаймоўны палкоўнік і ў сумяшчальніцтве правадыр добрых вестак з-за акіяна, пакуль не можа сказаць ніхто. Як казалі некалі, час пакажа. А вось свае, і тым больш людзі аблашчаныя Крамлём, кіраўніка ў бядзе не пакінуць. Не варта адчайвацца, што поспех акупантам пакуль не спадарожнічае. Амаль тысячу дзён таптацца на краі краіны, якую меў намер заваяваць адным кідком, гэта ж трэба было ўмець. Затое верны таварыш Ын у цяжкую хвіліну падставіў плячо. Брацкі Іран дапамагае чым можа. І цепліцца яшчэ слабая надзея на нейкі раптоўны паварот.
І менавіта ў такую хвіліну шэф "Масфільма", раптам паспяшаўся на дапамогу. І не таму, што надумаў вясёлую камедыю паказаць і ў нязменна цяжкія часы падняць злёгку настрой. Ён прапанаваў рэальную падтрымку. На кінастудыі сабралася нямала танкаў, бронетранспарцёраў і іншых баявых машын. Студыйны рэквізіт. Але ўсё на хаду. Дык чаму ж такую армаду не кінуць на фронт? Вось так, не чакалі, не варажылі, а тут гэты масфільмаўскі кулак. Хто зараз засумняваецца, што расейскае войска - другое ў свеце. Цікава, што на гэта скажа Трамп.
Званка адтуль у бункер яшчэ не было?
Уладзімір Халіп, адмыслова для Charter97.org