Эканаміст: Лукашэнка вядзе да падзення беларускага рубля
28- 13.11.2024, 10:54
- 28,402
Справа Пракаповіча жыве і перамагае.
Улады абяцаюць падвышэнне пенсій і заробкаў, уводзяць новыя сацыяльныя выплаты, скасавалі абмежаванні для працоўных пенсіянераў. На думку экспэртаў, гэта "палітычныя жэсты" Аляксандра Лукашэнкі да будучых "выбараў". Але ці ёсць для выканання гэтых абяцанняў рэальныя падставы ў эканоміцы? Пра гэта “Белсат” паразмаўляў з эканамістам Аляксеем Харкевічам.
На думку Аляксея Харкевіча, каб адказаць на гэтае пытанне, трэба вызначыцца, з якой перспектывы на яго глядзець. У кароткачасовай перспектыве, мяркуе эканаміст, для забеспячэння ўсіх абяцанняў Лукашэнкі ёсць падставы, бо сёння мы назіраем, што заробкі растуць і ўжо даволі працяглы час. З гэтых заробкаў выплачваюцца ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. І вядома, "тут і цяпер" сродкі павінны быць, каб мець магчымасць павялічыць сацыяльныя выплаты.
“Але пытанне ў іншым. Гэты рост заробкаў не падмацаваны эканамічнымі паказчыкамі, тэмпамі росту валавога дададзенага прадукту, таму ў доўгатэрміновай перспектыве гэта доўга працягвацца не зможа. Гэта хутчэй такі палітычны жэст да будучых выбараў», - мяркуе Аляксей Харкевіч.
У той жа час раздача непадмацаваных нічым грошай у доўгатэрміновай перспектыве можа прывесці да таго, што грошы ў выніку страцяць свой ранейшы кошт, мяркуе эканаміст.
“Фактычна мы ўжо перажывалі гэта некалькі разоў, гэта вельмі часта супадала акуорат з прэзідэнцкімі выбарамі, калі пасля іх адбывалася падзенне курса беларускага рубля. Так што крок за крокам ствараецца перспектыва, каб гэта зноў паўтарылася”, - адзначае суразмоўца “Белсату”.
Каб зразумець, у які перыяд трэба чакаць цяжкасцяў, з якімі сутыкнецца беларуская эканоміка, трэба ўлічваць мноства чыннікаў, якія на гэта ўплываюць, мяркуе Аляксей Харкевіч.
У сувязі з гэтым цяжка складаць прагнозы, бо няма з чым рабіць параўнанні. Бо раней Беларусь была мала адкрытай эканомікай, і падзенне курсу беларускага рубля негатыўна адбівалася на грамадзянах, але пазітыўна - на прадпрыемствах, бо іх прадукцыя станавілася канкурэнтаздольнай на замежных рынках. Таму гэта было лагічна, і тыя аднамомантныя падзенні ў тым ліку былі выкліканыя замежнапалітычнай кан'юнктурай - гэта значыць неабходнасцю выхаду на нейкія прыярытэтныя рынкі, калію, металу і іншых пазіцый, продаж якіх для беларускага бюджэту адыгрывае значную ролю, адзначае Харкевіч.
Цяпер сітуацыя змянілася, бо замежныя сувязі Беларусі сталі больш аднабаковымі і зводзяцца да ўсходняга кірунку, таму прагназаваць, як сітуацыя складзецца на гэты раз, дастаткова складана, бо беларуская эканоміка моцна завязана на Расею. Магчыма, прывязка да Расеі нівелюе неабходнасць падзення беларускага рубля ў інтарэсах беларускіх прадпрыемстваў і гэта будзе праходзіць больш згладжана, дапускае субяседнік.
Акрамя таго, мяркуе экспэрт, мы ўступілі ў новы электаральны цыкл і назіраем змену адміністрацыі Белага дома, ды і шмат іншых чыннікаў, якія абцяжарваюць прагнозы наконт таго, як будзе развівацца беларуская эканоміка, падкрэсліў Аляксей Харкевіч.
Што тычыцца прыняцця пастаноў у асяроддзі Лукашэнкі і здольнасці некаторых сіл унутры сістэмы засцерагчы яго ад пустога раздавання грошай, каб не абваліць эканоміку, то, на думку эканаміста, трэба разумець, што ўсе пастановы ў краіне зараз прымаюцца ў адным цэнтры. І ўсе эканамічныя пытанні суседнічаюць з палітычнымі - гэта той выпадак, калі варта казаць, што эканоміка пачынае адыгрываць ужо другасную ролю ў параўнанні з палітыкай.
“Таму я думаю, калі для гэтага будзе палітычная неабходнасць, дык прыкладна на год яшчэ трымаць больш высокі ўзровень заробкаў і сацыяльных выплат у прынцыпе рэальна. З кожным новым месяцам гэта рабіць будзе ўсё цяжэй і цяжэй... Але як толькі будзе палітычная неабходнасць, гэта падзенне, як і заўсёды, будзе аднамомантным”, - падкрэсліў суразмоўца “Белсату”.