Прызыўнікам у Маскве пачалі закрываць выезд з краіны
26- 12.11.2024, 21:51
- 21,088
Ваенкаматы рассылаюць смс-паведамленні.
Ваенкаматы ў Маскве разаслалі прызыўнікам на тэрміновую службу абвесткі, што на іх накладзеныя абмежаванні за няяўку на позву. Інфармацыя пра гэта без спасылкі на крыніцу з'явілася ў Z-каналах. Некалькі рэальных выпадкаў атрымання такога апавяшчэння пацвердзіў «Важным гісторыям» юрыст Руху свядомых адмоўнікаў Арцём Клыга.
У апавяшчэннях гаворыцца, што прызыўніку закрыты выезд з Расеі і накладзеныя іншыя абмежаванні ў адпаведнасці з папраўкамі ў закон «Аб воінскім абавязку» ад 2024 года.
«Важныя гісторыі» ўдакладняюць, што гаворка ідзе пра забарону распараджацца нерухомасцю, рэгістравацца ў якасці самазанятага і індывідуальнага прадпрымальніка, атрымліваць замежны паспарт, браць крэдыты і рэгістраваць транспартныя сродкі.
Тым, хто атрымаў апавяшчэнні, таксама прыгразілі крымінальнай адказнасцю і заклікалі тэрмінова з'явіцца ў зборны пункт на Угрэшскай вуліцы.
Паводле словаў Клыгі, прызыўнікі сталі паведамляць праваабаронцам пра рассылку такіх апавяшчэнняў на мінулым тыдні.