ЕЗ рыхтуе 15-ы пакет санкцый супраць Расеі
5- 12.11.2024, 16:23
- 7,830
Каго могуць закрануць захады.
Еўрапейскі Звяз рыхтуе 15-ы раунд санкцый супраць Расеі. 27 краін-сябраў ЕЗ пачалі накіроўваць свае прапановы ў Еўракамісію ў Брусэлі.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на EUobserver.
Гэта першы этап працэдуры, за якім рушаць услед сустрэчы камісіі з дыпламатамі ЕЗ і абмеркаванне тэксту санкцый у Радзе ЕЗ.
ЕЗ імкнецца ўзмацніць захады да гадавіны вайны, якая налічвае 1000 дзён, 19 лістапада, хаця дыпламаты мяркуюць, што больш рэальна ўвесці санкцыі да трэцяй гадавіны 24 лютага 2025 года.
Польшча і краіны Балтыі намагаюць на забароне імпарту расейскага звадкаванага газу і абмежаванні ядзерных угодаў, а краіны Скандынавіі - на барацьбе з «ценявым флотам» расейскіх танкераў, якія абыходзяць санкцыі на нафту.
Таксама санкцыі могуць закрануць пастаўкі забароненых тэхналогій, бо Расея мае патрэбу ў замежных мікрасхемах і іншых кампанентах. Гэта можа прывесці да ўзмацнення жорсткасці кантролю за кітайскімі, індыйскімі і турэцкімі кампаніямі, якія могуць апынуцца ў «шэрым спісе» ЕЗ. Экспарцёры тэхналогій з ЕЗ таксама могуць пачаць накіроўваць прадукцыю ў Цэнтральную Азію, адкуль яна рээкспартуецца ў Расею.
Пасол Украіны ў ЕЗ Усевалад Чэнцаў заявіў, што абыход санкцый каштуе Украіне чалавечых жыццяў: у кастрычніку супраць краіны выкарыстоўвалі больш за 2000 «Шахедаў», абсталяваных мікрачыпамі і дэталямі, якія паступілі ў Расею з-за мяжы.
Украіна таксама заклікае ЕЗ пашырыць забароны на расейскія нафтапрадукты, металы і хімікаты, а таксама дадаць у чорны спіс расейскіх алігархаў, прапагандыстаў і прадстаўнікоў Рускай праваслаўнай царквы, якія падтрымліваюць вайну.