«Пуцін хоча вытаргаваць дзве рэчы што да Украіны»
7- 10.11.2024, 10:24
- 11,658
Ці будуць выгадныя Трампу яго ўмовы?
Падчас сваёй выбарчай кампаніі Дональд Трамп увесь час узнімаў пытанне заканчэння вайны ва Украіне. Таму найбліжэйшым часам ён будзе шукаць магчымасці яго ўрэгулявання. У той жа час Уладзіміру Пуціну ёсць што прапанаваць Трампу для таго, каб укласці пэўную ўгоду.
Такое меркаванне выказаў «24 каналу» расейскі апазіцыянер, палітычны дзеяч Уладзімір Мілоў, адзначыўшы, што для Пуціна вельмі важна паставіць вайну на паўзу. Таксама ў расейскім МЗС заявілі, калі з боку ЗША з'явяцца сігналы па ўрэгуляванні вайны ва Украіне, то Расея нібыта зробіць «максімум для таго, каб гэта прааналізаваць і выпрацаваць адказ».
Мілоў адзначыў, што Расея для ЗША з'яўляецца важнай крыніцай напружання ў розных кутках свету.
На Блізкім Усходзе яна мае ўплыў на пэўныя проксі-сілы, якія атакуюць Ізраіль. Таксама яна актыўна ўдзельнічае ў геапалітычных гульнях у Афрыцы, і там сфармавала ўплывовы «пояс», прынамсі, кантралюе вайсковыя хунты ў Нігеры, Малі і Буркіна-Фасо.
Расея дапамагае Паўночнай Карэі абыходзіць санкцыі і выжыць ёй эканамічна ў абмен на вайсковую падтрымку. Таксама яна з'яўляецца ключавым каналам камунікацыі з Кітаем. Таму Пуцін можа прадаць сябе як перамоўніка, напрыклад, з Пекінам.
«Таксама сёння ЗША выдаткоўваюць вялізныя сродкі на падтрымку трансатлантычнай бяспекі і гарантавання бяспекі партнёрам па NATO. Пуцін можа паабяцаць Трампу памяншэнне ўзаемнай напружанасці, у выніку якой ЗША давядзецца выдзяляць менш сродкаў на гэта», – адзначыў апазіцыянер.
Пуціну, на яго думку, ёсць шмат чаго прапанаваць Трампу, каб «вытаргаваць» Украіну, бо ён не мае ніякіх магчымасцяў яе захапіць.
«Апошнія месяцы ён кідаў усе рэсурсы, што ў яго засталіся, каб захапіць яшчэ крыху ўкраінскай тэрыторыі і палепшыць перамоўную пазіцыю Расеі», – падкрэсліў Мілоў.
Пуцін хоча выцыганіць 2 рэчы:
замарожванне канфлікту на дзейнай лініі баявога сутыкнення, каб атрымаць перадышку;
паслабленне санкцый, каб мець магчымасць назапасіць сілы для падрыхтоўкі новага ўдару, якая можа заняць 2 - 3 гады.
«Таксама ён паспрабуе атрымаць максімум з магчымага абмежавання суверэнітэту Украіны. Напрыклад, адмову ад уступлення ў NATO», - растлумачыў Уладзімір Мілоў.