«Былі тыя, хто прыехаў а 6-й раніцы»
10- 1.11.2024, 18:01
- 10,304
Менчукі зноў сталі ў вялізную чаргу.
У рэдакцыю Onlíner напісала чытачка Вольга і расказала, што сёння яе муж паехаў па квіткі на спектакль у лялечны тэатр. Хацелі набыць квіткі на «Пансіён «Belvedere», але як альтэрнатыву разглядалі пастаноўку «Нататкі юнага лекара». Выявілася, што набыць квіткі не так проста: а 09:30 раніцы перад мужчынам ужо была вялізная чарга.
- Продаж квіткоў на дарослыя спектаклі на наступны месяц пачынаецца першага чысла: гэта значыць, сёння стартуюць продажы квіткоў на снежань, - распавядае чытачка. - З 10:00 пачынаецца продаж квіткоў у касе, з 14:00 - анлайн. Муж паехаў у тэатр, быў на месцы а 09:30. Проста жахнуўся ад колькасці людзей у чарзе. З яго слоў, былі тыя, хто прыехаў а 6-й раніцы!
Вольга расказала, што яна ўжо была на спектаклі «Пансіён „Belvedere“« і паход у тэатр планаваўся ў якасці падарунка. Але, змарнаваўшы некалькі гадзін у чаканні, муж чытачкі пастанавіў з'ехаць без запаветных квіткоў.
У сеціве пішуць розныя каментары. Напрыклад, адна з глядачак напісала, што стаяць у такой чарзе нават прыемна. Усяго дзяўчыне давялося змарнаваць чатыры гадзіны, але квіткі набыць удалося.
Было заяўлена, што набыць іх можна і на сайце тэатра: продажы стартавалі а 14:00. Але ўжо а 14:08 сайт тэатра «лёг».
Што гавораць у тэатры?
У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек растлумачылі, што алгарытм продажу квіткоў на снежань быў апублікаваны на сайце тэатра два тыдні таму. Сапраўды, квіткі пачалі прадаваць першага чысла спачатку ў касах (з 10:00), а ў 14:00 стартавалі і анлайн-продажы. Запусціць такую сістэму надумалі праз павышаны попыт на дарослыя спектаклі: раней квіткі прадавалі адразу і анлайн, і афлайн. Калі прадаваць квіткі толькі анлайн, то могуць быць складанасці ў гледачоў, якія з розных прычын не могуць набыць квіткі праз інтэрнэт. Продаж толькі праз касы - гэта абмежаванне для тых, хто жыве не ў Менску, дапаўняюць у тэатры.
— Канкрэтна ў снежні ў нас запланаваны цэлы тыдзень прэм'ернага паказу спектакля Яўгена Карнягі «Мроiва», а таксама навагоднія ранішнікі з 25 снежня да 7 студзеня. За кошт гэтага скарацілася колькасць паказаў вячэрніх спектакляў: «Пансіёна „Belvedere“ (адзін раз), «Нататак юнага лекара» (адзін раз) і «На чорнай-чорнай вуліцы» (два разы). У студзені паказаў будзе больш.
У тэатры пацвердзілі, што па квіткі людзі сталі прыходзіць сёння з самай раніцы. Расцягнулася чарга прыкладна да станцыі метро «Купалаўская». А зараз уявіце, што зала, дзе праходзяць спектаклі, умяшчае 236 чалавек. Наўскідку людзей у чарзе было значна больш, адзначылі ў тэатры.
- Большая частка гледачоў набыла квіткі ў касе тэатра. Ранніх продажаў не было: каса пачала працу роўна а 10:00. Мы пастараліся пайсці насустрач людзям: пускалі ў санвузел і ў кавярню, пазней завялі ўсіх у памяшканне, каб было не холадна і камфортна, - тлумачаць у тэатры. - А 14:00 быў абноўлены сайт, але тэхнічна ён не вытрымаў плынь ахвочых. Мы звязаліся з праграмістамі, зрабілі абнаўленне, і зараз людзі, якія стаяць у чарзе, паралельна набываюць квіткі і анлайн.
Дарэчы, ажыятаж гледачоў у тэатры назіраюць апошнія пяць месяцаў, хоць той жа «Пансіён „Belvedere“ ідзе ўжо восьмы год, а «Нататкі юнага лекара» — трэці. Паказы арганізаваныя кожны месяц, падкрэсліваюць у тэатры.
Што рабіць тым, хто не гатовы стаяць у чэргах? Часам квіткі здаюць, таму ёсць сэнс перыядычна правяраць сайт тэатра.
— Таксама мы абмяркоўваем магчымасць з наступнага месяца ўвесці абмежаванне на колькасць квіткоў, якія прадаём аднаму гледачу. Калі некалькі чалавек забіраюць па 10—15 квіткоў, а зала, нагадаем, разлічаная на 236 месцаў, то камусьці іх можа не дастацца, — дапоўнілі ў тэатры. - Мы любім нашага гледача і дзякуем за імкненне наведаць наш тэатр.