Пад Кіраўскам хлопец стрэліў у дзяўчыну з пнеўматычнага пісталета - і трапіў у вока
9- 1.11.2024, 11:38
- 5,826
15-гадовая беларуска шпіталізаваная.
У Кіраўскім раёне стрэлам з пнеўматычнага пісталета сур'ёзна траўмавана 15-гадовая дзяўчына, паведамілі ў Следчым камітэце. Усё пачалося з выхваляння ля інтэрната.
Увечары 30 кастрычніка першакурсніцы каледжа ў Кіраўскім раёне вярталіся з заняткаў у інтэрнат. Недалёка размаўлялі трое хлопцаў. Старэйшы з кампаніі пачаў выхваляцца пісталетам, які напярэдадні ў яго дома пакінуў прыяцель.
У СК месца здарэння не паведамляюць, але ў Кіраўскім раёне толькі адзін каледж - ён знаходзіцца ў аграгарадку Жылічы.
Хлопец некалькі разоў стрэліў у бок дзяўчат. Адна з іх рэзка адрэагавала, завязалася лаянка.
«Адышоўшы далей ад хлопцаў, яны прыселі на прыступкі ганка, аднак маладзён не сунімаўся, а затым зноў стрэліў у іх бок некалькі разоў. У гэты момант адна з дзяўчат закрыла твар рукамі і закрычала. З траўмай вока яна была шпіталізаваная», - распавялі ў СК.
Паводле факту праводзіцца праверка, пісталет канфіскаваны.