Беларускія лясгасы зоймуцца вырошчваннем цюльпанаў
25- 9.10.2024, 19:09
- 4,592
Маюць намер канкураваць з Нідэрландамі?
Беларускія лясгасы актыўна зоймуцца вырошчваннем цюльпанаў. Кіраўнік Мінлясгаса Аляксандр Кулік даручыў, каб цяпліцы з'явіліся ў двух лясгасах у кожнай вобласці.
«Для лясгасаў гэта прыбытак, які можна атрымаць у пазасезонны час, тым самым павысіць эканамічную эфектыўнасць працы гадавальнікаў», - адзначыў Кулік. Ягоныя словы прыводзіць прэс-служба міністэрства.
Вырошчваннем цюльпанаў ужо трэці год займаецца гадавальнік Гомельскага доследнага лясгаса. Сёлета тут рэалізавана звыш 21,5 тысячы штук гэтых кветак. «Попыт вялікі», - запэўніў генеральны дырэктар Гомельскага ДВЛГА Ігар Дзягцярык.
Начальніца гадавальніка Ніна Пяшкун у сваю чаргу адзначыла, што вырошчванне цюльпанаў патрабуе карпатлівай працы. І догляд за імі «большы, чым за дзецьмі». Засваенне тэхналогіі, своечасовае выкананне неабходных прац, разлічаных «даслоўна па гадзінах», якасць цыбулін - асноўны заклад поспеху.
Паводле інфармацыі прэс-службы, у Берасцейскім ДВЛГА два лясгасы - Івацэвіцкі і Кобрынскі, ужо выказалі гатоўнасць заняцца новым кірункам.