Кадыраў пайшоў супраць расейскіх сілавікоў
- 9.10.2024, 17:02
- 13,946
І заявіў, што «Расею сутыкаюць з брацкімі рэгіёнамі».
Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў выступіў з крытыкай нядаўніх заканадаўчых ініцыятыў па ўзмацненні жорсткасці міграцыйнай палітыкі ў Расеі. У сваім тэлеграм-канале ён выказаў расчараванне такім падыходам да развязання міграцыйных пытанняў.
Кадыраў падкрэсліў, што цяперашнія захады супраць мігрантаў празмерна жорсткія і непрадуктыўныя.
«Такое пачуццё, што нехта мэтанакіравана сутыкае Расею з суседнімі брацкімі рэгіёнамі. Міграцыйную палітыку калі і мяняць, то не такім агідным чынам, калі азвярэла кідаюцца на ўсіх немясцовых, хто пад руку трапіцца», - напісаў кіраўнік Чачэніі.
На думку Кадырава, праблема ўзнікла не праз мігрантаў, а праз «бязладнасць» адказных службовых асоб. Ён перасцярог ад «распальвання ў грамадстве нянавісці да мігрантаў» і заклікаў да стварэння «правільнай сістэмы міграцыйнага кантролю».
Адзначым, пасля тэракту ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе» расейскія сілавікі ўзмацнілі жорсткасць палітыкі ў дачыненні да мігрантаў з краін Цэнтральнай Азіі. У РФ масава не пускаюць грамадзян Таджыкістана. Таксама пачасціліся дэпартацыі.