Генштаб УСУ пацвердзіў удар па арсенале з набоямі КНДР у Бранскай вобласці
1- 9.10.2024, 12:26
- 3,316
Вынікі баявой працы ўдакладняюцца.
Сёння ўночы, 9 кастрычніка, Сілы абароны паспяхова атакавалі 67-ы арсенал Галоўнай ракетна-артылерыйскай управы Міністэрства абароны Расеі, якое размешчанае ў Бранскай вобласці. Там захоўваліся набоі з Паўночнай Карэі.
Пра гэта паведамляе Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны.
Атака была праведзеная падраздзяленнямі Сіл беспілотных сістэм УСУ ва ўзаемадзеянні з іншымі складальнікамі Сіл абароны.
«Паводле наяўнай інфармацыі на тэрыторыі склада захоўваліся боепрыпасы да ракетна-артылерыйскага ўзбраення, у тым ліку і тыя, што паступілі з КНДР, а таксама кіраваныя авіяцыйныя бомбы. Значная частка з іх размяшчалася пад адкрытым небам», - піша Генштаб.
Падчас атакі былі зафіксаваныя выбухі на тэрыторыі аб'екта. Мясцовыя ўлады перакрылі дарогі ў раёне арсенала.
Вынікі баявой працы пакуль удакладняюцца.
«Параза падобных арсеналаў стварае сур'ёзныя лагістычныя праблемы для расейскага войска, што істотна зніжае наступальны патэнцыял акупантаў на пагрозлівых кірунках», - дадаў Генштаб.