FT: Украіна набліжаецца да зняцця забароны на экспарт зброі
2- 9.10.2024, 10:26
- 4,706
Названая прычына.
Украіна набліжаецца да зняцця забароны на экспарт ваенных беспілотнікаў. Урад і прадстаўнікі галіны мяркуюць, што гэта неабходна для павелічэння вытворчасці і супрацьстаяння расейскім магчымасцям на фронце, піша Financial Times.
Украінскія войскі тэрмінова маюць патрэбу ў большай колькасці дронаў для выведкі, удараў і прыкрыцця, але з-за абмежаваных дзяржаўных рэсурсаў, вытворцы беспілотнікаў шукаюць магчымасці для экспарту сваёй прадукцыі за мяжу, каб атрымаць сродкі для пашырэння вытворчасці.
Са слоў Аляксандра Марыкоўскага, старшыні эканамічнага падкамітэта парламента, экспарт беспілотнікаў можа прынесці Украіне да 20 мільярдаў даляраў. Гэта жыццёва неабходна для падтрымання эканомікі і вайсковых патрэб.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны з Расеяй у 2022 годзе Кіеў увёў забарону на экспарт вайсковай прадукцыі, каб забяспечыць уласнае войска неабходнымі рэсурсамі. Аднак цяпер урад не мае дастаткова сродкаў для закупкі ўсіх даступных дронаў і фінансавання далейшых даследаванняў, таму дазвол на экспарт разглядаецца як спосаб залучэння інвестыцый.
На фоне значнага росту вытворчасці ўзбраенняў у Расеі ўкраінская прамысловасць ацэньвае, што яе перавага ў беспілотніках складае 5-10:1.
Дзмітрый Хасапаў, кіраўнік кампаніі «Укрспецсістэмы» (Ukrspecsystems), адзначае, што ўкраінскія войскі адчуваюць «каласальны дэфіцыт беспілотнікаў». Паводле яго слоў, дзяржаўныя кантракты не пакрываюць існыя вытворчыя магутнасці, паколькі бюджэт Украіны на ўзбраенне ў гэтым годзе складае ўсяго 6 мільярдаў даляраў, з якіх блізу траціны выдзяляецца на беспілотнікі - гэтага недастаткова для пакрыцця патрэб войска.
Некаторыя ўкраінскія вытворцы, такія як Ukrspecsystems, ужо пачалі вырабляць дроны за мяжой, у Польшчы, спрабуючы абысці экспартныя абмежаванні. Аднак Марыкоўскі зазначае, што гэта можа прывесці да адтоку мазгоў і скарачэння падатковых паступленняў, таму перагляд забароны з'яўляецца крытычна важным.
Кампаніі, такія як Roboneers, таксама сутыкаюцца з цяжкасцямі праз абмежаванага дзяржаўнага фінансавання даследаванняў і распрацовак, што прымушае іх кампенсаваць выдаткі на тэсты і экспэрыменты з уласных сродкаў. Прадстаўнікі галіны спадзяюцца, што зняцце забароны на экспарт дапаможа залучыць заходніх інвестараў і спонсараў.
Акрамя фінансавых праблем, вытворцы дронаў таксама адзначаюць неабходнасць стандартызацыі і доўгатэрміновага планавання з боку ўрада. Са слоў Арцёма Калесніка, тэхнічнага дырэктара кампаніі Reactive Drone, галіна мае патрэбу ў спецыялізаваных праграмах для падрыхтоўкі кваліфікаваных інжынераў і стратэгічнага бачання на пяць-дзесяць гадоў наперад, каб пазбегнуць пагрозы заняпаду:
«Праграмы, якая рыхтуе кваліфікаваных інжынераў у ВНУ, у нас зараз няма. Мы павінны паглядзець на тое, што нам трэба праз пяць-дзесяць гадоў, таму што калі вы не звернеце на гэта ўвагу, то ўся гэтая індустрыя дронаў памрэ ці яе нехта выкупіць».