Раман Світан: «Шахед» не проста так ляцеў да Мазырскага НПЗ
11- 9.10.2024, 13:30
- 18,054
Расейцы хацелі стварыць «казус бэлі»?
Раніцай 4 кастрычніка расейскі дрон-камікадзэ «Шахед» заляцеў у Беларусь і ўзарваўся недалёка ад Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода (НПЗ).
У Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Украіны мяркуюць, што гэта была наўмысная атака.
Пракаментаваць выбух «Шахеда» каля Мазырскага НПЗ сайт Charter97.org папрасіў вядомага вайсковага экспэрта, палкоўніка Узброеных сіл Украіны ў запасе Рамана Світана:
- Рэч у тым, што расейцы, разлічваючы маршруты праз Украіну, могуць заводзіць «Шахеды» у Румынію, Малдову, Беларусь. Могуць дастаць ажно да Польшчы і краін Балтыі, што ўжо здаралася.
Расейцы гэтым карыстаюцца. У іх ёсць тэхнічная магчымасць маршрутызаваць палёт «Шахеда» з выхадам на сумежныя краіны.
Іншае пытанне, з якой задачай яны гэта робяць. Складана сказаць. Яны могуць быць розныя, пачынаючы ад стварэння «казусу бэлі», як у гэтым выпадку. Бо калі б «Шахед» зайшоў на Мазырскі НПЗ з боку Украіны, беларускі рэжым мог бы гэта ўспрыняць як атаку на інфраструктуру. Зразумела, што ўзнялося б пытанне наўмыснасці і гэтак далей, але тым не менш.
Таму складана спрагназаваць, што стала прычынай заходу і падрыву. Падарвацца ён мог сам, мог выканаць баявую задачу: зайсці і ўразіць тую цэль, на якую быў накіраваны.
Яго магла збіць і беларуская СПА. «Шахед» - лёгкая мэта для супрацьпаветраных сістэм. Тут шмат невядомых першапачаткова, але вось адно з самых цяжкіх наступстваў - стварэнне расейцамі «казусу бэлі». Ён мог бы падштурхнуць Лукашэнку да нейкіх дзеянняў характару ў адказ.
Падкрэслю, што ва Украіны «Шахедаў» няма. Мы іх не вырабляем. Калі «Шахед» заходзіць на тэрыторыю Беларусі - гэта кітайскі, расейскі, іранскі «Шахед».
Дзеянні ў адказ вайсковага кіраўніцтва Беларусі — на іх сумленні.