Памёр беларускі мастак Уладзімір Церабун
3- 8.10.2024, 20:09
- 4,950
Яму належаць многія працы як станковага, так і манументальнага характару.
8 кастрычніка памёр беларускі мастак, скульптар і графік, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Церабун, паведаміў Беларускі звяз мастакоў.
Уладзімір Церабун нарадзіўся 11 красавіка 1946 года ў вёсцы Несцяняты Смаргонскага раёна.
Скончыў аддзяленне скульптуры Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, вучыўся ў прафесара Андрэя Бембеля.
Пасля вучобы Церабун пераехаў у Гародню, дзе працаваў амаль 30 гадоў, з 2001 года жыў і працаваў у Менску. Браў удзел у мастацкіх выставах з 1974 года.
Яму належаць многія працы як станковага, так і манументальнага характару: скульптуры, скульптуры з мазаікай, кампазіцыі са шкла і металу з крыніцамі асвятлення для грамадскіх будынкаў. Як і ў іншых скульптараў, у ягонай творчасці шмат месца займае серыя партрэтаў сучаснікаў. Рабіў ён і мемарыяльныя дошкі: у Гародні (на будынку тэатра лялек), Менску, Смаргоні.
Быў аўтарам мемарыяльнага комплексу Дальва (1973), помніка на ваенных могілках у Гародні (1981), рэльефаў «Фантазія», «Гімн сонцу», кампазіцый дэкаратыўных «Крылатая» (1989), «Ветразь» (1992), цыклу «Скульптура малых формаў “Ракурс”» (1990–2002), серыі керамічных сасудаў (1993–1998), графічнага цыклу «Ракурс» (1986–1996).
Сярод станковых кампазіцый: «Расстраляная песня. Памяці Віктара Хары» (1976), «Летапісец» (1981), «Сымон-музыка», «Апошняе жніво» (абедзве 1982), «Непераможныя» (1985), «Ясь і Яніна» (1987), «Апосталы Пётр і Павел» для касцёла Св. Андрэя ў Слоніме, «Госпадзе, веру табе» для Бернардынскага касцёла ў Гародні (1996), «Флора і фаўна» (1997), «Мельпамена» (2001), «Элегія» (2003).
Больш за 50 сваіх скульптураў перадаў у падарунак музеям Рэспублікі Беларусь у Гародні, Смаргоні, Лідзе, вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна.
Пахаваюць Уладзіміра Церабуна ў Смаргоні.