Вялікая Брытанія вылучыла Украіне амаль $ 4,5 млрд
1- 7.10.2024, 21:26
- 3,962
Для набыцця зброі.
Вялікая Брытанія вылучыла Украіне 3,5 млрд фунтаў стэрлінгаў (амаль 4,5 млрд даляраў) на набыццё ваеннага абсталявання брытанскай вытворчасці. Пра гэта паведамлялася на сайце ўраду краіны ў нядзелю, 6 кастрычніка.
Адзначаецца, што брытанская гандлёвая місія, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Міністэрства абароны, дэпартамента ў пытаннях бізнэсу і гандлю і абароннай асацыяцыі ADS, наведала Украіну, каб сустрэцца з украінскім урадам і прадстаўнікамі прамысловасці і абмеркаваць далейшае супрацоўніцтва.
Як паведамляецца, гэтая місія з'яўляецца прадаўжэннем ліпеньскага пагаднення, што дае магчымасць Украіне выкарыстоўваць 3,5 млрд фунтаў стэрлінгаў для набыцця зброі.
«Паглыбляючы нашыя сувязі з абароннай прамысловасцю Украіны, мы пашыраем уласны прамысловы патэнцыял, адначасова ўзмацняючы магчымасці Украіны. Мы стаім поплеч з Украінай і будзем прапаноўваць падтрымку столькі, колькі спатрэбіцца», – заявіў намеснік дзяржаўнага сакратара ўзброеных сілаў Вялікай Брытаніі Люк Полард, які ўзначаліў гандлёвую місію.
На сайце брытанскага ўраду адзначаецца, што Мінабароны краіны ўжо заключыла кантракты з кампаніяй Thales на вытворчасць ракетаў для супрацьпаветранай абароны, а таксама з Sheffield Forgemasters на выраб паковак для артылерыйскіх гарматаў.
Паведамляецца, што далейшыя пагадненні знаходзяцца на стадыі падрыхтоўкі, а фінансаваць іх Украіна будзе з уласных рэзерваў і за кошт 3,5 млрд фунтаў стэрлінгаў экспартнага фінансавання, вылучанага Вялікай Брытаніяй.
У верасні міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэвід Лэмі падчас візіту ў Кіеў абвясціў пра пакет дапамогі для Украіны памерам 600 млн фунтаў стэрлінгаў (блізу $ 780 млн).
У брытанскім урадзе адзначылі, што краіна вылучыць не менш як «242 млн фунтаў стэрлінгаў на падтрымку Украіны перад тварам бесперапынных расейскіх нападаў, а таксама 484 млн даляраў на фіскальную падтрымку і пастаўкі ваеннай тэхнікі.