Пад Гародняй выгадавалі гіганцкі бурак
3- 7.10.2024, 20:17
- 8,304
Фотафакт.
Агародны сезон падыходзіць да канца. Людзі ўжо выкапалі бульбу, знялі ў цяпліцах перцы і таматы, нават гарбузы ўжо перамяшчаюць з поля ў склеп. Здаецца, чым яшчэ можа здзівіць зямля? Але запас прыродных нечаканак усё ж такі невычэрпны.
Пад Скідзелем з зямлі дасталі гіганцкі чырвоны бурак, расказвае партал NewGrodno.by. Вага гэтага караняплода перавысіла 4,5 кг. Цягнуць з зямлі яго давялося як тую самую рэпку з казкі – супольнымі намаганнямі.
Выгадавалі незвычайны бурак сужэнцы Сяргей і Людміла. У іх агарод у бацькоўскай хаце пад Скідзелем.
«Усе рабілі як звычайна. Простая зямля, самае звычайнае насенне з рынку, з догляду праполка і паліў у самы сухі час. З угнаенняў – толькі натуральны гной», – усміхаюцца сужэнцы.
Дарэчы, іншыя плады – звычайных памераў. Традыцыйна для чырвонага бурака яны важаць 500–900 г. Таму 4,5 кг – гэта відавочна нешта з шэрагу надзвычайнага.
Дарэчы, сужэнцы звярнулі ўвагу на тое, што бурак і колерам, і формай нагадвае сэрца. Жартуюць, гэта таму, што гадавалі яго з любоўю.
Мабыць, таму парадавалі ўраджаем і іншыя культуры. Напрыклад, морква ў Сяргея і Людмілы таксама ўдалася. Як вам памерчык?