Выбухаюць разеткі і мадэмы: менчукі скардзяцца на непаладкі ў электрасетцы
42- 7.10.2024, 18:19
- 29,692
У некаторых жыхароў шматпавярховікаў згарэла бытавая і кампутарная тэхніка.
Адразу некалькі чалавек паведамілі аб праблемах з электрычнасцю ў Менску, паведамляе агенцтва «Минск-Новости».
Мясцовыя жыхары на вуліцы Славінскага расказалі, што ў кватэрах «узрываюцца мадэмы» і «страляе з разетак».
Таксама ў некаторых жыхароў шматпавярховікаў згарэла бытавая і кампутарная тэхніка. Дакладна невядома, што менавіта стала прычынай інцыдэнту.
Паводле папярэдніх звестак, на адной з падстанцый узніклі непаладкі з абсталяваннем.
Чакаецца, што электразабеспячэнне шматпавярховікаў на вуліцы Славінскага адновяць у найкарацнйшыя тэрміны.
Tochka.by звярнулася па каментар у «Менскэнэрга». У арганізацыі адзначылі, што яшчэ разбіраюцца ў тым, што здарылася.
«Прычынай тэхналагічнага парушэння стала пашкоджанне абсталявання ў трансфарматарнай падстанцыі ТП-4252. Спецыялісты працуюць над высвятленнем дакладных прычын пашкоджання абсталявання з мэтай прадухілення такіх сітуацый у будучыні», - распавялі журналісту ў арганізацыі.