Аўто беларусаў масава «рэжуць» на тэхаглядзе
63- 6.10.2024, 21:47
- 39,868
Часцей за ўсё дазволы не выдаюць праз няспраўнасць тармазоў.
У «Белтэхаглядзе» распавялі, якая сітуацыя з праходжаннем кіроўцамі тэхагляду транспарту. Так, у верасні гэтага года арганізацыя выдала на 19% менш дазволаў на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, чым за аналагічны перыяд 2023 года.
За верасень арганізацыя выдала 116 197 дазволаў на допуск транспарту да ўдзелу ў дарожным руху. Гэта на 19% менш за паказчык за аналагічны перыяд 2023 года (тады было 143 375 дазволаў).
«У дачыненні да фізічных асоб за гэты перыяд выдадзена 94 420 дазволаў (81,3% ад агульнай колькасці), — удакладняе «Белтэхагляд». — Агульная колькасць дазволаў, выдадзеных за дзевяць месяцаў 2024 года, склала 1 149 457 адзінак. Гэта на 4,7% менш за аналагічны паказчык мінулага года (1 205 621 адзінак)».
За 9 месяцаў гэтага года дыягнастычныя станцыі «Белтэхагляду» правялі 1 284 567 праверак тэхстану транспарту. Часцей за ўсё знаходзілі праблемы ў рабоце тармазной сістэме транспарту (41,5% ад усіх няспраўнасцей), светлавых прыбораў (23,6%). Праблемы з рухавіком былі ў 6,6% выпадкаў, са стырнавым кіраваннем - у 5,7%.
Тым часам «Белтэхагляд» да канца кастрычніка прапануе людзям пенсійнага веку зніжку 20% на тэхагляд.
Якія штрафы пагражаюць беларусам за адсутнасць тэхагляду?
За не пройдзены тэхагляд прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць, для фізічнай асобы яна прапісаная ў ч.4 арт.18.11 КоАП і прадугледжвае штраф да трох базавых адзінак (сёння гэта 120 рублёў).
Калі парушэнне зафіксуе аўтаматычная камера на трасе, то кіроўцу прыйдзе «ліст шчасця» з ДАІ на палову базавай (20 рублёў).
У выпадку паўторнага парушэння цягам аднаго года сума максімальнага штрафу павялічыцца: пры спыненні транспарту ДАІ штраф будзе да пяці базавых адзінак (200 рублёў), пры фіксацыі камерай — да дзвюх базавых адзінак (80 рублёў).
Для ІП і юрыдычных асоб максімальны штраф за адсутнасць тэхагляду складае 10 базавых адзінак (400 рублёў), пры фіксацыі камерай - пяць базавых (200 рублёў).