5 кастрычнiка 2024, Субота, 17:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Муж і жонка Кара-Мурза ўганараваныя ў Аўстрыі праваабарончай прэміяй

5
Муж і жонка Кара-Мурза ўганараваныя ў Аўстрыі праваабарончай прэміяй

Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Вене.

Расейскі апазіцыйны палітык і публіцыст Уладзімір Кара-Мурза і ягоная жонка Яўгенія ўганараваныя ў Аўстрыі прэміяй фонду імя Бруна Крайскага за заслугі ў галіне правоў чалавека. Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Вене ўвечары ў пятніцу, 4 кастрычніка, паведамляе «Нямецкая хваля».

У абгрунтаванні прысуджэння ўзнагароды ўказваецца, што Яўгенія і Уладзімір Кара-Мурза рознымі спосабамі дамагаюцца таго, каб «змусіць расейскі ўрад і карумпаваных крамлёўскіх чыноўнікаў да адказнасці за парушэнне правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону». Пасля таго як Уладзімір Кара-Мурза быў асуджаны ў Расеі паводле палітычных матываў на 25 гадоў пазбаўлення волі, ягоная жонка Яўгенія прадоўжыла працу свайго мужа ў якасці дырэктара адвакацыі Фонду «Свабодная Расея», засяродзіўшыся на публічнай дыпламатыі і глабальнай прапагандзе ад імя расейскай грамадзянскай супольнасці, адзначаюць заснавальнікі прэміі.

Уладзімір Кара-Мурза быў вызвалены са зняволення ў жніўні сёлета і прадаўжае сваю праваабарончую дзейнасць за межамі Расеі, указваецца ў паведамленні фонду імя Бруна Крайскага.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў цырымоніі ўзнагароджання звярнуўся заснавальнік інвестыцыйнага фонду Hermitage Capital Management Уільям Браўдэр.

Уладзімір і Яўгенія Кара-Мурза прадаўжаюць барацьбу за вызваленне з расейскіх турмаў іншых палітвязняў. Яны настойваюць на тым, што ў некаторых выпадках, напрыклад для маскоўскага дэпутата Аляксея Гарынава і журналісткі Марыі Панамарэнкі, асуджаных да доўгіх тэрмінаў за крытыку вайны Расеі супраць Украіны, гаворка ідзе пра жыццё і смерць.

Яўгенія Кара-Мурза запатрабавала ад палітыкаў на Захадзе праяўляць больш актыўнасці. «Калі ідзе сапраўдная бітва паміж дабром і злом, калі дыктатары аб'ядноўваюцца і ставяць пад пагрозу выжыванне дэмакратыі ва ўсім свеце, нельга быць нейтральнымі», – заявіла яна агенцтву APA.

Уладзімір Кара-Мурза нагадаў пра словы савецкага дысідэнта Уладзіміра Букоўскага, што «для многіх заходніх палітыкаў магчымасць пасмажыць ранішні бекон на савецкай газе значна важнейшая за нейкія там правы чалавека», паведамляе агенцтва dpa.

Нагадаем, што ў 2005 годзе прэмію фонду імя Бруна Крайскага за заслугі ў галіне правоў чалавека атрымаў палітык і праваабаронца, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках