МКС заклікалі неадкладна выдаць ордар на арышт Лукашэнкі
15- 5.10.2024, 22:07
- 21,270
Дыктатар асабіста заклаў падмурак для выкрадання ўкраінскіх дзяцей.
З пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года расейскія ўлады ўзмацнілі палітыку перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый гэтай краіны.
Аднак роля беларускіх уладаў у спрыянні гэтай палітыцы не атрымала належнай увагі. Пра гэта заявілі аўтары новага дакладу «Скрадзенае дзяцінства», ён апублікаваны на сайце арганізацыі Freedom House.
Справаздачу супольна падрыхтавалі Freedom House, праваабарончы цэнтр ZMINA, Рэгіянальны цэнтр правоў чалавека і праваабарончы цэнтр «Вясна».
«Зеркало» прыводзіць ключавыя моманты дакладу.
У дакладзе падрабязна апісана тое, як беларускія ўлады «перавозяць, праводзяць індактрынацыю, перавыхоўваюць і мілітарызуюць украінскіх дзяцей у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі выкаранення ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці».
Аўтары даследавання зрабілі некалькі асноўных высноваў, у ліку якіх тое, што «Аляксандр Лукашэнка асабіста заклаў падмурак для перасялення ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі», а таксама што «беларускі рэжым актыўна рэалізуе расейскую дзяржаўную палітыку знішчэння ўкраінскай ідэнтычнасці з дапамогай сістэматычнай ідэалагічнай апрацоўкі і перавыхавання дзяцей».
«Факты пацвярджаюць выснову, што беларускі рэжым скапіяваў сістэмны падыход расейскага ўраду да перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з мэтай сцерці іх нацыянальную ідэнтычнасць.
Падчас аналізу справаў дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай дапамогі, даследнікі выявілі як мінімум траіх сярод гэтай групы, чыё перамяшчэнне ў Беларусь кваліфікуецца як дэпартацыя», – гаворыцца ў справаздачы.
Як дзяцей і падлеткаў з часова акупаваных украінскіх тэрыторый вязуць у Беларусь у рамках «новай спецпраграмы»
Сістэма адукацыі і «адпачынку», у якую змяшчаюць украінскіх дзяцей у Беларусі, сфакусаваная на распаўсюджванні расейскай прапаганды, накіраванай на тое, каб дэманізаваць пэўныя народы, у тым ліку ўкраінскі.
Дзейнасць вядзецца на расейскай мове, а ўкраінскіх дзяцей упарта ідэнтыфікуюць як «расейцаў» ці «грамадзянаў Расеі» ўнутры гэтай сістэмы і ў беларускіх і расейскіх дзяржаўных медыя, а таксама ў беларускіх няўрадавых арганізацыях, якія насамрэч створаныя пры ўдзеле ўладаў і працуюць на інтарэсы дзяржавы.
Таксама аўтары заявілі, што ўлады Беларусі маюць дачыненне да расейскай мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей.
«Нараўне з перавыхаваннем, мілітарызацыя ўкраінскіх дзяцей – гэта відавочная мэта іх перасялення. Украінскім дзецям у беларускіх установах рэгулярна паказваюць кантэнт, які прапагандуе службу ва Узброеных сілах Расеі і праслаўляе ролю Савецкага Саюза ў Другой сусветнай вайне, праводзячы паралелі паміж гэтым і вайной Расеі супраць Украіны.
Украінскія дзеці, якія ўступілі ў расейскія ваенізаваныя моладзевыя арганізацыі на акупаваных тэрыторыях і якія потым былі перададзеныя Беларусі, таксама становяцца дзейнымі асобамі прапаганды», – гаворыцца ў справаздачы.
Аўтары даклада адзначылі таксама, што так званая Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі выконвае найважнейшую ролю ў фінансаванні і арганізацыі вывазу, ідэалагічнай апрацоўкі, перавыхавання і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей.
Адзначаецца, што беларускія ўлады актыўна праводзяць расейскую палітыку ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей праз арганізаваныя ўрадам няўрадавыя арганізацыі (GONGO).
«Ёсць пяць катэгорый людзей, якія сталі суўдзельнікамі перамяшчэння, перавыхавання і мілітарызацыя ўкраінскіх дзяцей: беларускія чыноўнікі, расейскія чыноўнікі, чыноўнікі Саюзнай дзяржавы, акупацыйныя ўлады ва Украіне і беларускія прадстаўнікі GONGO», – тлумачыцца ў дакладзе.
У сувязі з гэтым аўтары справаздачы просяць замежныя ўрады, урад Украіны, Міжнародную кааліцыю ў вяртанні ўкраінскіх дзяцей, міжнародных донараў і грамадзянскую супольнасць заклікаць Міжнародны крымінальны суд (МКС) пачаць расследаванне перамяшчэння, ідэалагічнай апрацоўкі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей беларускімі ўладамі і выдаць ордары на арышт: Аляксандра Лукашэнкі, а таксама дзяржаўнага сакратара «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі, расейскага палітыка Дзмітрыя Мезенцава, старшыні Рады міністраў «саюзнай дзяржавы», прэм'ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусціна і Аляксея Талая (беларускага спартоўца-паралімпійца і кіраўніка Фонду Аляксея Талая), які згуляў цэнтральную ролю ў праекце перасялення ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
Таксама аўтары даклада заклікалі супольна працаваць над стварэннем адзінага міжнароднага механізму спрыяння вяртання ўкраінскіх дзяцей ва Украіну з тэрыторыі Беларусі.
Акрамя таго, яны прапанавалі выступаць за ўвядзенне і прыняцце санкцый у дачыненні да службовых асобаў Беларусі і «саюзнай дзяржавы», якія маюць дачыненне да злачынстваў супраць украінскіх дзяцей.