21 снежня 2024, Субота, 20:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дастане да цэнтра Масквы: На што здольная ўкраінская балістычная ракета «Сапсан»

12
Дастане да цэнтра Масквы: На што здольная ўкраінская балістычная ракета «Сапсан»

Зброя паўплывае на сітуацыю на фронце.

Украіна канцэнтруецца на ўласнай вытворчасці ракетаў і дронаў. Кіеў плануе абвясціць пра вялікую ракетную праграму. Пра гэта заявіў міністр абароны Украіны Рустэм Умераў на «Міжнародным форуме абаронных індустрый», які прайшоў у Кіеве, піша «Цяперашні час».

Паводле словаў Умерава, гаворка ідзе ў тым ліку пра вытворчасць балістычных ракетаў: «Мы засяроджваемся ў апошні час на ракетнай і дронавай праграмах. У наступным годзе або да канца гэтага вы шмат пачуеце пра вялікую ракетную праграму. Мы ўжо пачалі працаваць над балістычнымі ракетамі».

Раней Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна ўжо стварыла ўласную балістычную ракету. Аднак што гэта за распрацоўка, ці ўжывалася яна на фронце і ці зможа ўкраінскі абаронпрам вырабляць такія ракеты масава, не паведамлялася. Улады Украіны і вайскоўцы трымаюць у сакрэце, пра якую менавіта балістычную ракету Уладзімір Зяленскі гаварыў у жніўні, віншуючы з паспяховымі выпрабаваннямі. Але тое, што гэты ўзор узбраенняў можа паўплываць на ход баявых дзеянняў, прызнаюць і эксперты, і ветэраны вайны.

«Калі нам удасца наладзіць вытворчасць у большай колькасці, тады, я думаю, гэта не зменіць ход вайны на 100%, але вельмі моцна паўплывае на нашы магчымасці на лініі фронту», – растлумачыў украінскі ваенны эксперт Аляксей Гецьман. Планы стварыць сваю балістычную ракету ва Украіне былі яшчэ з часоў набыцця незалежнасці і адмовы ад ядзернай зброі. Крылатыя ракеты тады аддалі Расеі. Аператыўна-тактычны комплекс «Кропка У», які да гэтага часу стаіць на ўзбраенні, не падыходзіў. У яго далёкасць усяго да 120 кіламетраў.

Праз праблемы з эканомікай распрацоўку змаглі пачаць толькі ў 2006 годзе пры актыўнай падтрымцы прэзідэнта Віктара Юшчанкі. Занялося комплексам «Сапсан» канструктарскае бюро «Паўднёвае». Эксперты мяркуюць, што менавіта пра гэтую ракету і гаварыў Зяленскі. У экспартнай версіі для Саудаўскай Аравіі яе называюць «Гром-2». У расейскім Мінабароны яшчэ год таму гаварылі, што такі снарад збілі. Але пацверджання гэтай інфармацыі няма.

«Гэтая ракета – аналаг расейскага “Іскандэра”. Аналаг у тым сэнсе, што гэта таксама балістычная аператыўна-тактычная ракета. Вось уся аналогія. Таму што закладзеныя прынцыпы – зусім іншыя. Але канструкцыйна – гэта тая ж ракета невялікай далёкасці з цвердапаліўным рухавіком», – растлумачыў украінскі авіяэксперт Валерый Раманенка.

Паводле ягоных словаў, у адрозненне ад расейскага «Іскандэра», украінскі «Сапсан» павінен быў мець палепшаныя сістэмы навядзення. Дзякуючы чаму павялічваецца дакладнасць і памяншаецца выдатак ракетаў.

«На канчатковым адрэзку ў яе была радыёлакацыйная сістэма высокадакладнага навядзення з радарам доўгай хвалі 3 міліметры, гэта значыць, яна дазваляла наводзіць ракету на аб'ект з дакладнасцю да двух метраў», – дадаў Раманенка.

Тэрміны распрацоўкі «Сапсана» ўвесь час адкладаліся. А пры прэзідэнту Віктару Януковічу працу над новым комплексам нечакана ўвогуле спынілі. Фінансаваць праект адмовіліся, калі міністрам абароны Украіны быў Павел Лебедзеў. Цяпер ён знаходзіцца ў вышуку за дзяржздраду і, паводле звестак украінскіх следчых, хаваецца ў анэксаваным Расеяй Крыме.

«Расея ўсяляк перашкаджала нам у ракетнай праграме, таму што выдатна разумела, наколькі гэта будзе небяспечна для іх, калі мы будзем узброеныя дальнабойнай зброяй», – кажа ваенны эксперт Аляксей Гецьман.

У 2016 годзе стала вядома пра адраджэнне праекту, а праз два гады пускавую ўстаноўку паказалі на ваенным парадзе на Крэшчаціку. У лютым 2021 года міністр абароны Андрэй Таран заявіў, што «Сапсан» гатовы на 80% і «неабходна зрабіць апошні крок» – дарабіць першы ўзор гэтай зброі. Але пра апошні крок Зяленскі заявіў толькі праз тры з паловай гады.

«Прэзідэнт гаварыў, што ракета ўжо ў комплексе, як выраб выпрабоўвалася, а асобныя кампаненты яшчэ раней прайшлі выпрабаванні. І вядома, што ў ФСБ быў агент у КБ "Паўднёвае", які дакладваў, што ў пачатку 2022 года працы над праектам адноўленыя ў паскораным рэжыме. І лётныя выпрабаванні патрабавалі праводзіць нават раней, чым наземныя, гэта значыць, без даводкі рухавіка на зямлі», – растлумачыў Валерый Раманенка.

Газета The Times апублікавала мапу: на ёй пазначаныя аб'екты, якія могуць падбіць брытанскія ракеты Storm Shadow на тэрыторыі Расеі. Авіябазы, нафтаперапрацоўчы завод, штаб Паўднёвай ваеннай акругі расейскага войска. Далёкасць брытанскай ракеты да 300 кіламетраў. У ракеты «Сапсан», паводле звестак вытворцаў, на 200 кіламетраў больш. Гэта значыць, дастаць можа нават да цэнтра Масквы.

«У Расеі комплексаў тыпу Patriot, здольных збіваць балістычныя ракеты, практычна няма. Гэта комплексы з сістэмы абароны Масквы, і, магчыма, расейскі новы комплекс С-500, які цяпер знаходзіцца ў стадыі выпрабаванняў. Гэта значыць, са стварэннем украінскай балістычнай ракеты Расея ператвараецца ў голага караля», – мяркуе авіяцыйны эксперт Раманенка.

Аляксей Гецьман дадае, што калі ва Украіны будзе даволі сваіх балістычных ракетаў, то ні ў кога не трэба будзе прасіць дазволу на ўдары па тэрыторыі Расеі: «Сваімі ракетамі мы нічога не парушаем, усе аб'екты ваенныя на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі – нашы законныя цэлі».

Паводле словаў украінскіх экспертаў, калі ўкраінская ракета будзе выкарыстоўвацца паспяхова, то расейскае войска будзе вымушанае прыбраць авіяцыю на 450 кіламетраў ад мяжы. Перабазаваць давядзецца і штабы, рамонтныя падраздзяленні, склады боепрыпасаў і паліва. Усё гэта паўплывае на баяздольнасць расейскіх войскаў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках